Cемінар для сузалежных людзей прайшоў у Бягомлі (+відэа)

Падзея адбылася ў нядзелю, 2 красавіка, у Цэнтры дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач” пры парафіі Езуса Хрыста – Валадара Сусвету.

На семінар прыехалі ўдзельнікі з Глыбокага, Шуміліна, Мёраў, Друі, Полацка, Наваполацка, Верхнядзвінска, Докшыц. Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства, якое праводзіць гэты Цэнтр. Першы семінар для залежных ад алкаголю і наркотыкаў прайшоў тры месяцы таму.

Цэнтр у Бягомлі адкрыўся ў мінулым годзе. Праз яго прайшлі ўжо дванаццаць чалавек.

— Праз некаторы час мы прыйшлі да вываду, што вельмі важна даносіць ідэі, што ў чалавека праблемы з алкаголем, менавіта праз сузалежных, людзей, якія побач жывуць, якія бачаць, што праблема ўжо ўзнікае і з ёй нешта трэба рабіць, — кажа кіраўнік Цэнтру Уладзімір Шчэпін.

Ён лічыць, што з гэтым захворваннем павінны змагацца і сам залежны чалавек, і яго родныя:

— Алкагалізм – захворванне сямейнае, і калі толькі з адным чалавекам працаваць, то вынік будзе слабы. А калі ў гэтым накірунку працуюць і родныя, і сам залежны чалавек, то і вынік будзе зусім іншы.

Распачаўся семінар са святой Імшы ў капліцы Хрыста — Валадара Сусвету, якую ўзначаліў айцец Тадэвуш Кавальскі. Ён у свой час і прапанаваў месца для працы гэтага Цэнтру ў Бягомлі.

На Імшу сабраліся як удзельнікі семінара, так і мясцовыя жыхары, таму святыня была цалкам запоўненая людзьмі.

У сваім слове да вернікаў айцец Тадэвуш звярнуў увагу на важнасць Божай дапамогі і ўласнай працы, у тым ліку над сабой. Бо толькі разам гэтыя чыннікі могуць даць добры вынік:

— Па-першае, трэба спадзявацца на Божую дапамогу, але і рук сваіх апускаць не трэба.

З гэтай нагоды святар узгадаў вядомы манаскі дэвіз: “Ora et labora” – маліся і працуй. Бо немагчыма спадзявацца толькі на Божую дапамогу, а самому нічога не рабіць у гэтым накірунку. Таксама не можа мець добрага выніку праца, якая робіцца без Бога.

Пасля Імшы псіхолаг Цэнтра Таццяна Шчэпіна пазнаёміла прысутных з агульнай праблемай сузалежнасці, распавяла, як яна ўзнікае. Бо праблема сузалежных людзей – хто жыве побач з тымі, хто пакутуе на залежнасць – не меншая, а часам нават большая. І вельмі часта, людзі не ведаюць, як дапамагчы свайму блізкаму, які патрапіў у залежнасць ад алкаголю ці наркотыкаў.

— Важна працаваць з сузалежнымі, бо яны ў нейкай ступені правакуюць ужыванне, хоць гэта і гучыць парадаксальна. Сузалежныя сваімі паводзінамі, ратуючы алкаголіка, дапамагаюць яму ўжываць, — адзначыла Таццяна Шчэпіна.

Менавіта таму, як дапамагчы, а не нашкодзіць залежнаму чалавеку і была прысвечана праца гэтага семінару. Пасля прэзентацыі Таццяны Шчэпінай слова ўзяла псіхолаг Людміла Кандыбіна, якая адмыслова прыехала на мерапрыемства з Наваполацку. Напачатку яна папрасіла прысутных паўдзельнічаць у сцэнцы, каб паказаць, што адчувае алкаголік, калі з усіх бакоў у яго ёсць падтрымка, якая не дае яму задумацца над сваёй праблемай і правакуе далейшае ўжыванне.

А вось калі гэту падтрымку прыбраць, у чалавека з’яўляецца шанец задумацца над гэтай праблемай і пачаць мяняць сваё жыццё.

Але каб дапамагчы іншаму чалавеку, трэба ў першую чаргу дапамагчы сабе, змяніць сваё жыццё, — лічыць Уладзімір Шчэпін:

— Немагчыма даць чалавеку нейкую любоў, нейкую дапамогу, пакуль не дапаможаш сам сабе. А сузалежны чалавек яшчэ больш церпіць, ён не разумее, ад чаго церпіць. І каб дапамагчы іншаму чалавеку, спачатку трэба прывесці сябе ў парадак.

Пасля абеду семінар вырашылі праводзіць на вуліцы, бо гэтаму паспрыяла веснавое сонечнае надвор’е. Людміла Кандыбіна асноўную ўвагу засяродзіла на практычных занятках, на ролевых гульнях, дзе ўсе ўдзельнікі павінны былі не проста слухаць, а самі прымаць нейкія рашэнні.

— Большая частка чалавецтва не мае вопыту пабудовы адносін, і каб яго атрымаць, неабходныя дзеянні. Седзячы на семінарах, жыццё не зменіш. А тут трэба прагуляць міні-мадэль жыцця, каб чалавек сам зразумеў гэта праз трэнінгі, гульні, — адзначыла спадарыня Людміла.

Генадзь Бервячонак, які прыехаў на семінар з Глыбокага, у свой час сам сутыкнуўся з праблемай алкагольнай залежнасці. Паспяхова з ёй справіўшыся, ён вырашыў дапамагаць іншым людзям, што маюць гэту залежнасць. Ён марыў адкрыць такі цэнтр у Глыбокім, размаўляў пра гэта з кіраўніцтвам раёна, нават памяшканне ўжо падбіраў. Але летась у Будславе пазнаёміўся з Таццянай і Уладзімірам:

— Мы з імі пазнаёміліся, і ад іх я даведаўся, што ў Бягомлі ўжо існуе такі Цэнтр. І я стаў з імі ўзаемадзейнічаць.

Гэта сяброўства стала паспяховым, і спадару Генадзю прапанавалі пасаду камерцыйнага дырэктара гэтага Цэнтра.

— Я ўжо пачаў гэтым займацца, і ўжо ёсць нейкія першыя крокі. Ёсць прадпрымальнікі, ёсць камерцыйныя структуры, якія ўжо на сённяшні дзень аказваюць нам дапамогу. І гэтым я буду надалей займацца, — дзеліцца Генадзь Бервячонак сваімі першымі поспехамі.

Людміла Кандыбіна звярнула ўвагу прысутных на тыя моманты ў жыцці, на якія мы часта не звяртаем увагі. Напрыклад, яна сказала, што калі мужчына, прызнаючыся ў каханні, кажа дзяўчыне, што жыць без яе не можа, ад яго трэба бегчы як мага далей:

— Калі мужчына прыходзіць, і сам таго не разумеючы, кажа аб сваёй праграме. А праграма якая? Ён мужчына, і кажа, што жыць без цябе не магу, бо мяне ногі не трымаюць, у мяне няма духоўнай восі, і я такі нікчэмны, што без цябе я проста прападу.

Перад завяршэннем семінара ўдзельнікі, ўзяўшыся за рукі, прачыталі малітву аб душэўным супакоі. Менавіта такі круг паказвае, што разам мы здольныя перамагчы праблему, якую чалавек адзін вырашыць не можа.

— Калі мы аб’ядноўваемся, нараджаецца нешта трэцяе, а гэта менавіта тая сіла, якая перавышае нашу ўласную. Калектыўнае заўсёды мацнейшае, — падкрэсліла Людміла Кандыбіна.

Напрыканцы семінара ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад гэтага дня.

— Я ўжо тут другі раз і лічу, што калі ў людзей ёсць праблемы, то яны павінны сюды звяртацца, каб не заставацца з ёй адзін на адзін, — кажа Света з Полацка.

Саша з Мёраў выказаўся так:

— Тут ёсць шанец для алкаша, які хаця б жадае нешта зрабіць над сабой, жадае спыніцца. І прыехаўшы сюды, можна атрымаць шанец пачаць усё спачатку.

— Я засталася задаволеная, вельмі шмат чаго новага тут атрымала. Па-першае, гэта супакой. Праўда, яго я атрымліваю, калі хаджу ў касцёл ці капліцу. Але тут ён умацаваўся і памножыўся. А па-другое, тут у мяне з’явіліся новыя сябры і знаёмыя, якія таксама хочуць, каб іх родныя жылі без алкаголю, — адзначыла Элеанора, адна з самых актыўных удзельніц мерапрыемства.

Кіраўнікі Цэнтру засталіся задаволеныя праведзеным мерапрыемствам. Яны адзначаюць, што іх Цэнтр не дае стоадсоткавай гарантыі таго, што залежны чалавек, прайшоўшы курс рэабілітацыі, адразу пазбавіцца сваёй шкоднай звычкі.

— Выздараўленне залежнага чалавека залежыць у першую чаргу ад яго самога. Наколькі ён будзе выкарыстоўваць тое, што атрымае тут. Ёсць людзі, якія па сённяшні дзень застаюцца цвярозымі, вядуць здаровы лад жыцця. Ёсць і тыя, хто зрываецца, але яны ўжо ведаюць, што трэба рабіць, каб змяніць сваё жыццё, — адзначае Уладзімір Шчэпін.

З ім згодная і яго жонка Таццяна:

— Наша задача — каб чалавек адкрыў вочы, каб зразумеў, што ў яго ёсць залежнасць, каб ён прыняў гэту хваробу. Для гэтага ёсць цэлая праграма, па якой мы працуем. Дзякуючы гэтай праграме, калі ён прапрацоўвае сваё жыццё, калі ўсё ўспамінае, асэнсоўвае, ён прыходзіць да вываду, што так, у яго ёсць гэта праблема, з ёй нешта трэба рабіць. А самае галоўнае, ён прызнае сваё бяссілле перад хваробай, і ў яго ёсць толькі два выхады: або ён перастае ўжываць, або працягвае і становіцца на крок бліжэй да смерці.

Уладзімір і Таццяна Шчэпіны выказалі ўпэўненасць, што на наступны семінар, які плануецца правесці летам гэтага года, прыедзе яшчэ больш удзельнікаў, бо толькі разам мы здольныя перамагчы праблему алкагольнай і наркатычнай залежнасці, якая ў апошні час вельмі востра стаіць перад нашым грамадствам.

Кантакты Цэнтра:

Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, г. п. Бягомль вул. Кірава, 6
тэл.: +375 33 345 52 78; +375 29 532 68 66
E-mail: svetotch@tut.by
сайт: svetotch.by

Зміцер Лупач, тэкст
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі