“Caritas Internationalis” выбярэ новага кіраўніка

caritasinternationalisКардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга пакідае пасаду кіраўніка найбуйнейшай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis”. Новы кіраўнік таварыства будзе абраны на яго ХХ Генеральнай асамблеі, якая пройдзе ў Рыме 12-17 мая 

У форуме прымуць удзел прадстаўнікі дыяцэзіяльных аддзяленняў “Caritas” са 160 краін свету.

Кардынал Марадзьяга, які паходзіць з Гандурасу, узначальваў “Caritas Internationalis” на працягу апошніх васьмі гадоў. Пасля заканчэння першай чатырохгадовай кадэнцыі ў 2011 г., ён быў пераабраны на пасаду кіраўніка арганізацыі. З 2013 г. пурпурат узначальвае таксама Раду кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэфармавання Рымскай курыі.

Акрамя абрання новага старшыні “Caritas Internationalis” ХХ Генеральная асамблея гэтай дабрачыннай арганізацыі будзе прысвечана праблеме кліматычных змен на планеце і павелічэння сацыяльнай няроўнасці ў свеце. Удзельнікі форума павінны будуць распрацаваць стратэгію па супрацьдзеянні гэтым з’явам.

Папярэднічаць абранню новага кіраўніка “Caritas Internationalis” будзе св. Імша ў ватыканскай базыліцы, якую ўзначаліць 12 мая 2015 г. папа Францішак.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку