Caritas Internationalis: спыніць канфлікты і спісаць доўг бедных

У той час, калі ўвесь свет імкнецца адказаць на шматлікія выклікі, звязаныя з пандэміяй каранавіруса, Caritas Internationalis заклікае да спынення агню ў зонах канфліктаў і зніжэння доўга бедных краін.

16 ліпеня адбылася анлайн-прэзентацыя справаздачы гэтай буйнейшай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі за 2019 год з удзелам яе старшыні, кардынала Луіса Антоніа Тагле з Філіпін.

Іерарх заўважыў, што падчас пандэміі патрэбна не толькі спагадлівасць, але таксама здольнасць энергічна змагацца з такімі драматычнымі з’явамі як голад у свеце, войны, насілле, якія знішчаюць жыццё і годнасць шматлікіх людзей. Кардынал заклікаў чэрпаць натхненне з вучэння Папы і рабіць канкрэтныя ўчынкі, напрыклад прыпыніць агонь на тэрыторыях, дзе трываюць канфлікты.

Старшыня Caritas Internationalis нагадаў пра пакуты мігрантаў і бежанцаў, якія ў перыяд пандэміі з’яўляюцца найбольш забытымі і незаўважнымі. Яны пакутуюць не толькі ад віруса, але таксама войнаў, унутраных канфліктаў, калапсу эканомікі і сістэм аховы здароўя.

Кардынал Тагле распавёў, што дзякуючы скаардынаванай дзейнасці арганізацыі ва ўсім свеце на патрэбы патрабуючых атрымалася мабілізаваць больш за 12 мільёнаў долараў.

Паводле іерарха, жыццёва неабходную дапамогу атрымалі людзі ў Бангладэш і М’янме, Бразіліі, Венесуэле і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, а таксама Ліван, дзе знаходзяцца мільёны сірыйскіх бежанцаў і мігрантаў, і дзе эканамічны і гуманітарны крызіс набывае катастрафічныя маштабы, у той час як свет адварочваецца ў іншы бок.

“Caritas Internationalis – гэта жывы арганізм, які штодзённа змяняецца і прыстасоўваецца да розных сітуацый”, — сказаў кардынал. Ён запэўніў у гатоўнасці арганізацыі далей служыць бедным, абараняць і суправаджаць іх.

Падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікі Caritas нагадалі, што 18-19 ліпеня адбудзецца сустрэча Міністраў фінансаў краін “Вялікай дваццаткі”, да якіх быў скіраваны заклік прыняць канкрэтныя меры, каб скасаваць даўгі самых бедных краін і такім чынам уратаваць ад катастрофы сотні мільёнаў людзей.

Гаворачы пра наступствы эканамічных санкцыі супраць краін Блізкага Усходу, адзначалася, што яны не толькі не прыводзяць да вырашэння праблем, але і маюць негатыўнае ўздзеянне на самых бедных і неабароненых членаў грамадства.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку