для друку для друку

Разважаем над Божым словам разам з капуцынамі

«
»
  • 13
    13.Октябрь.Суббота

    27 звычайны тыдзень, 13 кастрычніка, субота

    Весь День
    2018.10.13

    Калі Закон не апраўдвае перад Богам, то навошта ён увогуле ўстаноўлены? Для Паўла адказ дастаткова ясны: Закон дадзены з-за правінаў (Гал 3,19). Закон, прагнучы стрымаць грэх, рабіў яго насамрэч відавочным, усведамляў яго і такім чынам, чалавек станавіўся адказным за свае ўчынкі. Чалавек бачыў сваю грэшнасць і разумеў, што з усімі сваімі намаганнямі ён не можа выканаць Закон, г. зн. жыць справядліва і без граху. Гэта і пабуджала ў габрэях надзею на прыйсце Мессіі — Збаўцы. Гэтую надзею на працягу доўгай гісторыі выражалі шматлікія прарокі, а на пачатку прадбачыў і сам Абрагам (Ян 8,56). Калі б Закон быў здольны даваць жыццё, то апраўданне паходзіла б з Закону, што супярэчыла б Божаму абяццанню — збавіць ўсіх дзякуючы свайму Памазанніку (Іс. 25,6-9; Дан. 9, 24-27).

    Такім чынам праз усведамленне грахоў і ўласнай адказнасці за іх, Закон выконваў ролю выхаваўцы, які ўзмацняў чаканне спаўнення гэтых абяццанняў, што і сталася з прыходам Езуса Хрыста. Таму з прыходам Хрыстом Закон завяршае сваю ролю, бо ўжо не выкананне 613 габрэйскіх наказаў ачышчаюць нас з граху, а сам Езус сваёй ахвярай на крыжы, якую Дух Святы робіць рэчаіснай кожны раз, калі мы супольна цэлебруем сакрамэнты, першым з якіх з’яўляецца Хрост.

    Калі сам Езус апраўдвае мяне перад Богам праз свае сакрамэнты, ці азначае гэта, што я магу рабіць усё, што мне ўздумаецца? Наколькі словы і ўчынкі Езуса становяцца для мяне Законам свабоды?

    Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь