для друку для друку

Разважаем над Божым словам разам з капуцынамі

«
»
  • 12
    12.Январь.Пятница

    І звычайны тыдзень, 12 студзеня, пятніца

    Весь День
    2018.01.12
    • 1 Сам 8, 4–7. 10–22а
    • Пс 89 (88), 16–17. 18–19 (Р.: пар. 2а)
    • ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 2, 1–12

    Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.

    Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі спаралізаванага. Не маючы магчымасці прынесці яго да Езуса з-за натоўпу, разабралі страху, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі насілкі, на якіх ляжаў спаралізаваны. Езус, убачыўшы веру іх, сказаў паралізаванаму: Дзіця, даруюцца табе грахі твае.

    Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: Чаму ён так гаворыць? Ён блюзнерыць: хто можа дараваць грахі, калі не сам Бог? Езус, адразу ж даведаўшыся ў духу сваім, што яны так думаюць, сказаў ім: Чаму так думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй: ці сказаць паралізаванаму «даруюцца табе грахі твае», ці сказаць «устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?» Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — і кажа паралізаванаму: Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго. Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы, што ніколі такога не бачылі.

    Фарысеі кажуць праўду, што грахі можа дараваць толькі Бог. Гэтую праблему вырашае толькі вера ў Езуса з Назарэта як Божага Сына. Менавіта ў гэтым кірунку Езус вядзе размову з тагачаснымі сведкамі цуду аздараўлення і гэтага таксама Ён чакае ад нас. Да гэтай веры Хрыстос прыводзіць дзякуючы фізічнаму аздараўленню паралізаванага. Такога аздараўлення чакаў хворы, чакалі чатыры мужчыны, якія неслі яго, чакаў натоўп людзей, сабраных усярэдзіне і звонку дома і, нарэшце, найбольш недаверлівыя фарысеі. І раптам нягледзячы на свае спадзяванні яны чуюць дзіўныя словы: “Дзіця, даруюцца табе грахі твае”. Ці разумеў хворы сваю грэшнасць, а можа, прагнуў аднаго толькі аздараўлення цела, ці таксама і душы – не ведаем гэтага… Але ж дзякуючы прысутнасці Езуса адбыліся дзівосныя навяртанні, як, напрыклад, грэшная жанчына, мытнік Закхей, “добры” злачынца, таму можна зрабіць выснову, што так было і ў гэтым выпадку, калі Сын Божы вызваляе яго з грахоў.

    Пане Езу, нямала ў мяне цяжкасцяў, клопатаў, хваробаў, але перш за ўсё я прашу Цябе, каб Ты падрыхтаваў мяне да расставання з маімі грахамі, каб я не трымаўся за іх, а ахвотна пазбаўляўся ад іх. Дзякую Табе, што Ты вызваляеш мяне ад іх і аздараўляеш.

    Якія ў мяне прагненні, на што я спадзяюся?
    Ці стаўлю я на першае месца прагненне вызвалення з грахоў?
    Што, паводле мяне, лягчэй здзейсніць: аздаравіць з фізічнай хваробы ці аздаравіць душу ад грахоў?
    Ці ўдзячны я Пану Езусу за тое, што магу хадзіць і насіць свае цяжары?

    Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь