Бывайце, яслі! Як маладому хрысціяніну стаць сведкам Хрыста для аднагодкаў?

У свята Аб’яўлення Пана, калі ў касцёлах прыбіраюць калядныя батлейкі, біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу нагадвае выказванні трох Папаў нашага часу і дзеліцца з моладдзю сакрэтам таго, як быць сведкам Хрыста для аднагодкаў.

Любая моладзь!

Святы Ян Павел II, Папа і вялікі сябра моладзі, 100-годдзе з дня нараджэння якога Касцёл на Беларусі асаблівым чынам перажывае ў 2020 Пастырскім годзе, калісьці казаў: «Калі ў свядомасці чалавека памірае Бог, непазбежна наступае смерць чалавека — вобразу Бога».

Мае дарагія сябры, традыцыйна ў свята Ахвяравання Пана Касцёл развітваецца з бэтлеемскімі яслямі ў нашых святынях, а падчас Імшы мы не пачуем ужо калядак, якія радавалі нашае сэрца і вярталі ў атмасферу радасных святаў.

А так хацелася б затрымаць бэтлеемскія яслі, гэтае захапленне і ўзрушанасць сэрца, што паказалі нам пяшчоту Бога!(пар. Admirabile signum, 3)

Больш за тое, як піша Папа Францішак, за час святкавання Божага Нараджэння і роздуму над тым, што Бог стаўся чалавекам, мы ўсвядомілі тое, што Бог паводзіць сябе таксам, як мы: спіць, смокча малако матулі, плача і гуляе, як і ўсе дзеці (пар. Admirabile signum, 8). Такім чынам, кажа Пантыфік, батлейка паказывае нам Бога, які ўваходзіць у свет, заахвочвае нас задумацца над нашым жыццём, якое стала часткаю Божага жыцця; запрашае нас стаць Яго вучнямі, калі мы хочам спасцігнуць сэнс і мэту жыцця.

Акрамя таго, па словах Святога Айца, мы пакліканыя не толькі думаць пра сябе, але і задумацца аб адказнасці кожнага хрысціяніна за распаўсюджванне Евангелля. Кожны з нас становіцца носьбітам Добрай Навіны для тых, каго сустракае, калі дае радаснае сведчанне аб сустрэчы з Езусам і аб любові да Яго праз канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці (пар. Admirabile signum, 9).

Дарагая моладзь, святы Ян Павел II казаў, што «пазнанне Хрыста штораз нанава і ўсё глыбей становіцца найпрыгажэйшай прыгодай нашага жыцця». Хоць мы да наступных Калядаў не будзем больш бачыць у касцёлах бэтлеемскіх ясляў і Нованароджанага, аднак не можам страціць Бога ў нашым жыцці: Ён не можа быць схаваны разам з іншымі фігуркамі з ясляў на паліцу ў шафе ў сакрыстыі. Езус Хрыстус ідзе ў нашае жыццё разам з намі.

Папа Бэнэдыкт XVI казаў: «Чым больш пазнаю Езуса, тым больш мяне прыцягвае Яго дарога і Евангелле, тым больш Яго шукаю і знаходжу ў сакрамэнтах Касцёла, малітве, роздуме над Яго словам, на катэхэзе і моладзевых сустрэчах».

Юнакоў і дзяўчат, якія ўжо сустрэлі Езуса, святы Ян Павел II заахвочвае: «Вы, моладзь, з’яўляецеся першымі апосталамі і евангелізаратамі вашых аднагодкаў. Хрыстус спадзяецца на вас, давярае вам і чакае супрацоўніцтва з вамі. Вы патрэбныя Хрысту! Не бойцеся прапанаваць Хрыста таму, хто яшчэ не пазнаў Яго. Ён, Хрыстус, з’яўляецца найбольш вычарпальным адказам на ўсе пытанні адносна чалавека і яго лёсу. Без Хрыста, па словах святога, чалавек застаецца неразгаданай галаваломкай».

Мае дарагія сябры! Напэўна, вы маеце права звярнуцца з пытаннем: як гэта зрабіць, якім чынам данесці Евангелле тым, хто яго не ведае?

Адкажу словамі з казання святога Яна Паўла II, якое ён скіраваў да моладзі ў далёкім 1986 годзе ў французскім Ліёне: «Не маю ні срэбра, ані золата. Не маю гатовых адказаў на вашыя пытанні. Я Папа, і я ведаю, што і як павінен рабіць.

І ты, малады чалавеча, які пазнаў Хрыста, дзякуючы сваёй маладосці павенен ведаць, што і як рабіць. І яшчэ: калі ніхто ад цябе нічога не патрабуе, будзь сам да сябе патрабавальным».

Ад сябе дадам. У жыцці дзейнічае закон Мёрфі: «Калі ў цябе штосьці не атрымліваецца, вазьмі большы малаток». Інакш кажучы, прасі Святога Духа аб дапамозе.

Сябры! Памятайце: «Езус з’яўляецца навізной сярод старога свету і прыйшоў вылечыць і адбудаваць яго, каб вярнуць нашае жыццё і свет да першапачатковага хараства» (Admirabile signum, 4).

Бп. Юзаф Станеўскі, Catholic.by

для друку для друку