Былы пастыр пяцідзесятнікаў стане каталіцкім святаром, хоць мае жонку і дзяцей

19 снежня святарскае пасвячэнне ў дыяцэзіі ў Стубенвіле, штат Агаё, атрымае былы пастыр пяцідзесятнікаў Дрэйк Маккалістэр.

Жанаты, бацька пяці дзяцей. 29 чэрвеня 2018 года ён стаў сталым дыяканам. На пасвячэнне дала згоду Апостальская Сталіца.

Маккалістэр быў пастырам у супольнасці пяцідзесятнікаў на працягу 13 гадоў, але адмовіўся ад служэння, калі адчуў, што павінен стаць католікам. Catholic News Agency паведамляе, што першым імпульсам для разважання над сваім шляхам веры была праграма Каталіцкага радыё. Пасля пяці гадоў вывучэння пытанняў і абмеркаванняў з жонкай сям’я вырашыла далучыцца да Адзінага Касцёла разам са сваімі дзецьмі. Гэта быў 2004 год. Аднак толькі ў 2010 годзе Маккалістэр пачаў думаць пра магчымасць пасвячэння — спачатку дыякана, а потым і святара.

У 2016 годзе Маккалістэр апісаў сваё навяртанне, прызнаўшыся, што ўпершыню наведаў каталіцкую Імшу, знаходзячыся на адпачынку ў штаце Юта, за 800 міль ад дома. Спачатку ён баяўся, што члены Каталіцкага Касцёла будуць «халоднымі, незацікаўленымі і няветлівымі», але «напрыканцы літургіі Бог даў мне як мага большы дар маёй першай святой Імшы». Адзін вернік запрасіў яго на каву. Гэты досвед змяніў погляды Маккалістэра на Касцёл, і з тых часоў ён часта сустракаў людзей руплівых і актыўных, з якімі ён мог бы далучыцца да Касцёла.

Выключэнні з прынцыпу цэлібату ў Касцёле лацінскага абраду для мужчын, якія імкнуцца атрымаць святарскае пасвячэнне, рэгулююцца Ватыканам у кожным з такіх выпадкаў асобна.

Паводле credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку