Былы кардынал МакКарык пазбаўлены духоўнага сану

Тэадор МакКарык

Былы кардынал Тэадор МакКарык быў пазбаўлены духоўнага сану. Ён быў прызнаны вінаватым у дапамаганнях і сексуальных злоўжываннях у адносінах да непаўналетніх і дарослых асоб.

16 лютага 2019 года Кангрэгацыя Веравучэння абнародавала спецыяльнае паведамленне адносна сітуацыі 88-гадовага былога высокага амерыканскага іерарха.

“11 студзеня 2019 года Кангрэс Кангрэгацыі Веравучэння, на заканчэнне пакаральнага працэса адносна Тэадора Эдгара МакКарыка, арцыбіскупа Вашынгтонскага на пенсіі, выдаў дэкрэт, у якім абвінавачаны быў прызнаны вінаватым у наступных злачынствах, здзейсненых у духоўным сане: дамаганне падчас споведзі і парушэнне шостай запаведзі з непаўналетнімі і дарослымі асобамі, абцяжаранае злоўжываннем уладай. На яго было накладзена кара ў выглядзе пазбаўлення духоўнага сану”, — гаворыцца ў камюніке.

Паведамляецца, што 13 лютага 2019 года, пасля вывучэння аргументаў, прадстаўленых у апеляцыйнай скарзе, якое адбылося падчас Звычайнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння (Ферыі IV), было вырашана пацвердзіць дэкрэт Кангрэса. Тэадору МакКарыку было паведамлена аб гэтым рашэнні 15 лютага 2019 года.

Святы Айцец прызнаў канчатковы характар рашэння, адпаведны закону, што робіць справу “res iudicata”, гэта значыць, што яна не падлягае перагляду.

28 ліпеня 2018 года Папа Францішак прыняў адстаўку тагачаснага кардынала Тэадора МакКарыка з членства ў Калегіі Кардыналаў. Адначасова Папа наклаў на яго кару суспэнсы “ad divinis” і загадаў яму весці жыццё ў малітве і пакаянні, застаючыся ў адасабленні да канца кананічнага працэсу. Нямногім больш за месяц да гэтага кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, ад імя Пантыфіка, загадаў іерарху не выконваць публічна святарскага служэння.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку