Былы прэс-сакратар пра трох Пантыфікаў

Характар Папы Францішка выдатна адпавядае сучасным сродкам камунікацыі, падкрэсліў 31 студзеня 2017 г. у Вене былы дырэктар Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён быў ганаровым госцем на юбілейных урачыстасцях з нагоды 70-й гадавіны аўстрыйскага каталіцкага агенцтва “Kathpress”.

“Можна з упэўненасцю сказаць, што пантыфікат Францішка з’яўляецца “раем для новых сродкаў масавай інфармацыі”. Для іх добра пасуе гэта спантаннасць жэстаў, слоў і вобразаў Папы”, — сказаў італьянскі езуіт, які быў “голасам” трох Пантыфікаў: Францішка, Бэнэдыкта XVI і св. Яна Паўла II.

Паводле яго, Ян Павел II “разбурыў сцены, якія падзялялі Еўропу”. Ён быў “нястомным вандроўнікам у кожны куток Зямлі”. Цудоўна ўмеў камунікаваць з людзьмі, размаўляў на некалькіх мовах, меў вялікую здольнасць прамога кантакту з чалавекам, быў “майстрам слова і жэсту” – нават пасля таго, як у выніку хваробы ў апошняй фазе жыцця страціў голас.

Бэнэдыкта XVI кс. Ламбардзі апісаў як “слугу, што шукае ісціну, а не лёгкія кампрамісы”. Гэта было бачна падчас крызісу, звязанага з абвінавачваннем духавенства ў сексуальных злачынствах, калі Папа ініцыяваў працэс дакладнага разгляду кожнага асобнага выпадку і шлях “пакорнага і сапраўднага ачышчэння”. Бэнэдыкт XVI таксама заслужыў вялікую павагу да сябе праз уменне цвяроза ацэньваць свае сілы адносна адказнасці, звязанай з кіраваннем Касцёлам. Яго адстаўка з пасады Біскупа Рыма “адкрыла для яго пераемнікаў новую прастору свабоды”.

І, нарэшце, Францішак гэта, паводле кс. Ламбардзі, “прапаведнік Евангелля, як слова суцяшэння і радасці, міласэрнай любові Айца да ўсіх Ягоных тварэнняў, пачынаючы з самых бедных”. Святар апісаў яго як “пастыра, які вядзе свой Касцёл”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку