“Будзьце сябрамі Езуса!”: шэраг міністрантаў павялічыўся ў Глыбоцкай парафіі

У нядзелю, 6 мая, літургічная служба алтара ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім павялічылася на сем юнакоў, якія былі прынятыя да шэрагу міністрантаў.

Кандыдаты на працягу двух гадоў рыхтаваліся да гэтага дня. Напярэдадні, у суботу, нават здавалі экзамен святару. Падрыхтоўкай будучых міністрантаў займаўся вікарый парафіі кс. Іван Кароткін.

“Бог лічыць нас сябрамі, але з нашага боку часта ёсць праблема з узаемнасцю. Мы не заўсёды глядзім на Бога як на сябра, не заўсёды верныя Яму. Сябра ж пазнаецца ў бядзе – таксама і ў нашых адносінах з Богам. Езус застаецца верным сябрам нават тады, калі мы здраджваем і пакідаем Яго. Аднак Езус прагне ўзаемнасці,” – падкрэсліў кс. Іван падчас гаміліі і заклікаў будучых міністрантаў быць надзейнымі сябрамі Езуса.

Затым адбыўся сам абрад устанаўлення міністрантаў. Апякун міністрантаў звярнуўся да пробашча парафіі далучыць кандыдатаў да літургічнай службы алтара. Перад кс. Мікалаем Ціхановічам і ўсімі вернікамі хлопцы выказалі сваё жаданне выконваць абавязкі службы алтара і быць вернымі Хрысту і Касцёлу, а таксама паабяцалі праз сваю паслугу прычыняцца да будавання парафіяльнай супольнасці. Пасля чаго адбылося асвячэнне літургічнага строя, кандыдаты пераапрануліся і атрымалі спецыяльнае бласлаўленне.

Працягам святкавання стаў пікнік для міністрантаў на свежым паветры.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку