Будаваць Валадарства справядлівасці кожны дзень

За апошнія месяцы нам, беларускім католікам, прышлося пачуць: «У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі!» На розныя лады такое паўтаралася то тут, то там: маўчыце, маўчыце, маўчыце, вернікі, пра сітуацыю ў грамадстве, не вашага розуму гэтыя справы! Але ці сапраўды католік, у тым ліку каталіцкі святар ці нават біскуп, мусіць маўчаць пра тое, што адбываецца ў ягонай краіне?

Ну, па-першае, католік — гэта такі ж самы грамадзянін, як, напрыклад, і «праваслаўны атэіст». І мае такія ж правы на выказванне свайго меркавання па любых грамадскіх пытаннях. «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне», кажа нам Канстытуцыя Беларусі.

Па-другое, беларускі католік з’яўляецца часткай беларускага народу, то бок, згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, з’яўляцца крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэта Рэспублікі Беларусь.

Ну, і самае галоўнае, Касцёл называе грамадскае жыццё натуральным і згодным з Божым планам для кожнага чалавека. «Разам з асабістым пакліканнем да шчасця, чалавеку ўлас ціва грамадскае вымярэнне, якое з’яўляецца істотным кампа нентам яго натуры і яго паклікання», — кажа Капендый Сацыяльнага вучэння Касцёла.

Больш за тое, католік не толькі не мусіць хавацца ад палітыкі, але мае АБАВЯЗАК удзелу ў публічным жыцці, тым больш — у перыяд нейкага крызісу.

«Асабліва там, дзе грэх псуе грамадскі клімат, НЕАБХОДНА заклікаць да на вяртання сэрцаў і да ласкі Божай, каб дасягнуць грамадскіх змен, якія б сапраўды служылі кожнай асобе і яе інтэгральнасці», — кажа той жа дакумент. «Грамадзяне, наколькі гэта магчыма, ПАВІННЫ прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці», — гаворыцца ў іншым месцы.

Што значыць «дасягнуць грамадскіх змен, якія б сапраўды служылі кожнай асобе і яе інтэгральнасці»? Інтэгральнасць у дадзеным выпадку — гэта еднасць з Богам, адпавяданне хрысціянскаму ідэалу жыцця.

Гэта найперш значыць, што жыццё ў грамадстве мусіць стаць такім, каб чалавек мог свабодна жыць згодна з Евангеллем, каб законы і дзеянні ўладаў забяспечвалі агульнае дабро. Чалавеку ў справядлівым грамадстве не трэба каяцца за ўдзел у фальшаванні выбараў, не трэба хлусіць, не трэба

Грамадства мусіць быць такім, каб чалавек жыў у Свабодзе.

«Права на свабоду — гэта асабістае права кожнага чалавека, паколькі яно неад’емнае ад яго чалавечай годнасці», — адзначае Касцёл. Ці значыць гэта сваволю кожнага? — Не. Сапраўдная свабода — гэта жыццё ў той чалавечай годнасці, якую прадбачыў для нас Бог.

Той жа самы крытэр адпавядання Божаму плану дзейнічае і для ўлады: «Улада здзяйсняецца законна, калі дзейнічае дзеля агульнага дабра і выкарыстоўвае для яго дасягнення дапушчальныя з пункту гледжання маралі сродкі».

А што, калі ўлада дзейнічае інакш?

Адзін з яркіх прыкладаў адказу на гэтае пытанне — благаслаўлёны кардынал Клеменс фон Гален, палымяны патрыёт Нямеччыны, які разумеў, што любіць Радзіму можна толькі праз любоў да Хрыста, праз бескампрамісную любоў да праўды. У часы нацызму ён не стаў падпявалам нацыстоўскай уладзе, а ўступіў у адкрытую спрэчку з гітлераўцамі, стаў на абарону іхных ахвяраў.

За мужнасць і шчырасць біскупа сталі называць «мюнстэрскім львом». Ягоныя гаміліі з выступамі супраць эўтаназіі (забойстваў хворых і інвалідаў), супраць тэрору спецслужбаў, прымусовай стэрылізацыі і канцэнтрацыйных лагераў сталі друкаваць і нелегальна распаўсюджваць тысячнымі накладамі.

Гітлер хацеў зняць непакорнага іерарха з пасады, аднак яго пераканалі, што гэта прывядзе да антынацысцкіх выступаў у Вестфаліі. З 1941 года і да канца вайны пастыр знаходзіўся фактычна пад хатнім арыштам. Аднак менавіта такія людзі, хрысціяне-патрыёты, як благаслаўлёны кардынал фон Гален, сталі апраўданнем і гонарам пасляваеннай Нямеччыны.

Аляксандр Гелагаеў

для друку для друку