Бубен, які быў у бітве пад Венай, а потым доўгі час выкарыстоўваўся ў касцёле для ўрачыстасцей

Зараз гэты бубен захоўваецца ў школьным музеі ў Мёрах, які стварыў знакаміты гісторык і краязнаўца Вітольд Ермалёнак.

Калі вам даводзілася бываць у Мёрах, і вы не наведалі музей спадара Вітольда, можаце смела лічыць, што вы ў гэтым горадзе і не былі. За сваё жыццё Вітольд Антонавіч стварыў некалькі музеяў, у якіх захоўваецца некалькі тысяч экспанатаў. І амаль пра кожны з іх краязнаўца распавядзе вам цікавую гісторыю.

Не так даўно ў музей патрапіў бубен. На першы погляд, што тут такога, раней іх шмат выкарыстоўвалася на вяселлях і розных святах. Але гэты бубен асаблівы. І спадар Вітольд распавёў пра яго цікавостку.

– Людзі часам прыносяць мне рэчы. І вось адзін мужчына сказаў, што ў яго ёсць бубен, на якім бацька граў на вяселлях. Я пра гэта запомніў, — пачынае расповед Вітольд Ермалёнак.

У хуткім часе краязнаўца знайшоў копіі дакументаў мёрскага касцёла XVIII стагоддзя. Там быў пералік усяго, што было ў храме. Нават вокны былі адзначаны, дзе былі пабітыя, а дзе не. І стан лавак быў пазначаны: колькі паламаных, колькі не. Адным словам, усё было пералічанае. І быў пазначаны стары турэцкі бубен.

– Я тады адразу паехаў да гэтага чалавека, – працягвае Вітольд Ермалёнак. – Як толькі мне паказалі бубен, я ўбачыў, што ён не вясельны, а баявы. Тады я адразу ж набыў гэту рэч.

Цікавая сама гісторыя, як бубен апынуўся ў гэтага чалавека. У Мёрах да пабудовы сучаснага храма быў драўляны касцёл XVII стагоддзя. Шляхціч Лапацінскі, які быў родам з гэтай мясцовасці, удзельнічаў у бітве пад Венай. Яго ўнукі пабудавалі маёнтак Лявонпаль, і яны ж падаравалі мёрскаму касцёлу гэты бубен. Яго сталі выкарыстоўваць для касцельных урачыстасцей.

Вітольд Ермалёнак распавядае пра гісторыю бубена

– А як ён апынуўся ў бацькі гэтага чалавека, таксама цікавая гісторыя, — працягвае Вітольд Антонавіч. – Быў ён музыкантам. Акрамя гэтага ўваходзіў у касцельны камітэт. А наш касцёл, які стаіць і зараз, быў зачынены на пяць гадоў, з 1949 па 1954 год.

І вось парафія атрымала святара, а яго трэба было прыпісаць. Бо калі святар без прапіскі, то савецкая ўлада магла касцёл зачыніць. Людзі сталі пісаць звароты да ўладаў. Гэта зараз чыноўнікі павінны даць адказ у вызначаны тэрмін. Тады такога не было. Пісалі вернікі і ў райвыканкам, і ў аблвыканкам, а ніякага адказу не было.

Тады людзі сабралі грошы і накіравалі хадака ў Маскву. Пяцьсот чалавек не пабаялася ў той час падпісацца пад зваротам. Але КДБ таксама не спала ў шапку. У Маскве яго сустрэлі, запрасілі ў рэстаран, напаілі. Калі ён прачнуўся, то грошы былі цэлыя, а падпісных лістоў не было.

Вярнуўся ён у Мёры. І што сказаць землякам?! Сорамна ж! Але неяк у вузкім коле ўсё ж прагаварыўся.

І тады людзі зноў сталі збіраць подпісы… Бацька таго чалавека, што прадаў бубен спадару Вітольду, быў у касцельным камітэце. А яшчэ ён быў удзельнікам вайны. Надзеўшы ўсе свае ўзнагароды паехаў у Маскву. Яго, дарэчы, таксама хацелі пачаставаць па дарозе. Але, навучаны горкім вопытам папярэдніка, ён не паддаўся на спакусу і прыехаў у Маскву, дзе трапіў на прыём да ўпаўнаважанага па справах рэлігій.

Той таксама быў удзельнікам вайны. Калі ён пабачыў узнагароды на грудзях наведвальніка, то яны сталі разам успамінаць вайну. А ўжо напрыканцы спытаў: “Што вас да мяне прывяло?” Ну, ён і сказаў пра тое, што ў Мёрах няма магчымасці прыпісаць ксяндза, пасля чаго паказаў яму падпісныя лісты. Тады ўпаўнаважаны проста пры ім зняў трубку і патэлефанаваў у Мінск. Маўляў, што такое ў вас робіцца, у Мёрах ксяндза не прапісваюць? Людзі вось аж у Маскву едуць!

Потым сказаў свайму наведвальніку: “Вяртайся, будзе прыпісаны!” Не паспеў ён вярнуцца, як міліцыянты самі прыехалі да ксяндза, завезлі яго ў аддзел і прыпісалі ў хаце гэтага чалавека.

– І тады ксёндз падараваў яму гэты бубен, бо ў касцёле ён ўжо не выкарыстоўваўся. Яго крыху перарабілі, бо першапачаткова стаяў гарызантальна. Але скура засталася тая самая. І гучыць жа! (Спадар Вітольд ударае па бубену)

Вось такая цікавая гісторыя адной рэчы.

***

Бітва пад Венай адбылася 12 верасня 1683 каля горада Вены, паміж войскам польска-аўстрыйска-нямецкім (Святая Ліга), пад камандаваннем Яна III Сабескага, і войскам Асманскай імперыі, пад камандаваннем візіра Кары Мустафы. Скончылася паражэннем Турцыі, якая не аправілася пасля ўдару і ўжо не ўяўляла пагрозу хрысціянскай Еўропе.

Мастак Ян Матэйка «Ян Сабескі пасылае вестку аб перамозе Папу Рымскаму пасля бітвы пад Венай»

Зміцер Лупач, тэкст; Леанід Юрык, фота

 

для друку для друку