Бразілія: 80 тысяч мужчын на ружанцовай пілігрымцы

15-16 лютага 2019 года ў бразільскім нацыянальным санктуарыі ў Апарэсідзе адбылася нетыповая малітоўная сустрэча — ружанцовая пілігрымка мужчын з розных рэгіёнаў краіны. У малітве ўзялі ўдзел больш за 80 тысяч паломнікаў, паведамляе credo.pro.

Мужчыны прыйшлі сюды ўжо ў адзінаццаты раз, на гэты раз пад лозунгам «Мужчынскі ружанец: мала толькі маліцца, трэба дзейнічаць!» Гэтыя пілігрымы — людзі, якія рэгулярна, кожны тыдзень ці раз у месяц, сустракаліся на сумеснай ружанцовай малітве ў сваіх парафіях.

Сустрэча пачалася ў пятніцу, 15 лютага, вячэрняй святой Імшой, пасля якой адбылася ружанцовая працэсія з санктуарыя да Порту Ітагуасу — гэта значыць да месца, дзе ў 1717 годзе знайшлі статую Беззаганнай Маці Божай. Тады ж яе сталі называць «Апарэсіда», што азначае «з’явілася».

Трэба падкрэсліць, што на працягу 10 гадоў існавання пілігрымкі штогод істотна расце колькасць мужчын, якія моляцца на Ружанцы. Унікальнасць гэтых пілігрымак у тым, што ў іх прымаць удзел штораз большыя па колькасці групы падлеткаў ці ўжо дарослых сыноў, якіх прыцягвае прыклад бацькі, які адмаўляе Ружанец і ідзе ў пілігрымцы да Апарэсіды.

Пасля вяртання да базылікі адбылося ўсяночнае малітоўнае чуванне мужчын, да якога таксама маглі далучыцца іншыя паломнікі.

Найважнейшымі момантамі суботняй сустрэчы былі ранішняя святая Імша, супольная малітва Ружанца пасля поўдня ў базыліцы і адданне ўсіх мужчын пад апеку Панны з Апарэсіды.

Фота з Facebook

для друку для друку