Браты капуцыны Ігар Колзун і Максім Варанюк прынялі дыяканскае пасвячэнне ў базыліцы Святой Фары ў Бары

9 ліпеня два браты з беларускай супольнасці меншых братоў капуцынаў, Ігар Колзун і Максім Варанюк, прынялі дыяканскае пасвячэнне ў базыліцы Святой Фары ў Бары (Італія).

Калі ласка, не здзіўляцеся імені апякункі гэтай базылікі. Святая Фара – гэта старажытная французская манахіня, настаяцельніца бенедэктынскага жаночага манастыра ў Фармуцье, недалёка ад Парыжу. Два яе браты, таксама з’яўляюцца святымі. У гонар гэтай святой, была названа базыліка, у якой адбылася ўрачыстая святая Імша з удзяленнем дыяканскіх пасвячэнняў.

Пасля духоўных рэкалекцый, якія прыгатавалі нашых братоў да прыняцця першай ступені святарскіх пасвячэнняў (дыяканату), у базыліцы Святой Фары ў Барі адбылася святая Імша канцэлебраваная кусташам беларускай Кустодыі братам Алегам Шэнда OFMCap, на якую прыехалі шматлікія госці не толькі з Італіі, але таксама з Беларусі, Польшы і Латвіі.

Пасвячэнні ўдзяліў Мансіньёр Мікеле Сэччія, Біскуп Дыяцэзыі Тэрамо – Атрі (Італія). Падчас гаміліі Мансіньёр Мікеле звярнуў увагу на тое, што абвяшчэнне Евангелля – гэта не толькі частка літургічнага абраду, але частка жыцця таго, хто Яго абвяшчае. Гэта дар, які найперш перамяняе таго, хто абвяшчае Добрую Навіну, а пазней і тых, хто яе слухае. Вельмі важным з’яўляецца правільная інтэрпрэтацыя Святога Пісання, якая павінна выплываць з уласнага дасвядчэння Бога і сучаснай рэчаіснасці, ў якой мы сёння жывем і якая не з’яўляецца прымітыўнай маралізацыяй верных.

Біскуп таксама падкрэсліваў, што трэба асцерагацца прызвычаення да выконваных паслуг, якое вядзе да манатоніі,недахопаў энтузыязму і веры ў тое, што мы робім. Дапамогай у змаганні з гэтымі цяжкасцямі мае быць штодзённая малітва і заклік да Духа Святога кожны раз, як дыякан выконвае сваю паслугу. Важным у гэтым, паводле біскупа, з’яўляецца наслядаванне Маці Божай, якая была найбольш уважлівым слухачом і найлепшым інтэрпрэтатарам слоў свайго Сына (Ян 2, 1-5).

Варта звярнуць увагу, што агульная лічба братоў, якія разам з бр. Ігарам і бр. Максімам прынялі дыяканскае пасведчанне было сем асоб, гэта колькасць першых сямі дыяканаў у гісторыі Касцёла, выбраных праз хрысціянскую супольнасць у Ерузаліме і пасвечаных праз Апосталаў (Дз. 6, 1-7).

У першыя дні пасля пасвячэння браты з Беларусі мелі магчымасць выразіць удзячнасць за асаблівае пакліканне ў санктуарыі святога айца Піо ў Сан Джавані Ратонда выконваючы дыяканскую службу пры тым самым алтары ля якога Эўхарыстыю ажыцяўляў святы капуцын, а таксама ў велічнай базыліцы святога Мікалая служачы на святой Імшы пры ягоных рэліквіях.

Падрыхтоўка да святарства кандыдатаў з Беларусі ад 2014 года адбываецца ў Італіі ў рамах супрацоўніцтва капуцынскіх правінцый паўднёвай Італіі з беларускай Кустодыяй (CIFIS).

Жадаем, каб нашыя новапасвечаныя дыяканы былі такімі адважнымі і вернымі слугамі Хрыста і Яго Касцёла як і іх папярэднікі.

бр.  Аляксандр Астравушка OFMCap

для друку для друку