Брат Эмануэль: “Прагну кожны дзень станавіцца братам святога Яна Божага!” Гісторыя аднаго паклікання

Пра гісторыю свайго паклікання распавядае брат Эмануэль, які належыць да ордэна баніфратраў. Ён свядома прыняў веру ўжо пасля заканчэння школы, а калі скончыў медыцынскі ўніверсітэт, стаў манахам і паехаў працаваць у Польшчу. Мы паразмаўлялі з братам Эмануэлем падчас яго прыезду ў Віцебск, дзе ён прысутнічаў на асвячэнні капліцы ў Доме састарэлых, і папрасілі яго распавесці пра сваю гісторыю паклікання.

Брат Эмануэль кажа, што “сапраўднай гісторыі паклікання няма без Бога, таму я заўсёды Яму дзякую за сваё пакліканне. Я з’яўляюся братам святога Яна Божага, дакладней, прагну кожны дзень станавіцца братам святога Яна Божага. Паходжу я з праваслаўнай сям’і, быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, у касцёл пачаў хадзіць толькі ў васямнаццаць гадоў, калі ўжо паступаў у медыцынскі ўніверсітэт.

Я часта ў дзяцінстве хварэў, даводзілася ляжаць у бальніцах, і туды прыходзілі хрысціяне розных канфесій, якія прапаноўвалі або Біблію прачытаць, або памаліцца разам, бо ў сям’і ў мяне не было такога вопыту веры, не было рэлігійнай практыкі. І зараз я бачу сэнс гэтага цярпення, якое мяне спаткала. Бо аб’явілася вялікае дабро праз такія прабыванні ў бальніцах, гэта стала для мяне своеасаблівым штуршком, каб навярнуцца, каб зрабіцца вернікам-практыкам.

І неяк так сталася, што Каталіцкі Касцёл быў мне больш блізкі, чым Царква, і я пайшоў у знакаміты Чырвоны касцёл у Мінску і там ужо прыняў веру, прыняў усім сэрцам. Было гэта не проста фармальнае прыняцце, але я стаў вернікам-практыкам.

З таго моманту ў мяне ўвесь час было імкненне і жаданне яшчэ больш аддана служыць Богу і іншым людзям. Я паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, паступіў тады, калі ўжо стаў на шлях навяртання. Навяртанне – гэта не нейкі адзін момант у жыцці, гэта праца на ўсё жыццё, на доўгія гады, на кожны дзень. Таму я не кажу, што я навярнуўся, а толькі стаў на гэты шлях.

Неяк выпадкова трапіла да мяне кніжка, у якой згадвалася пра баніфратраў. І ў мяне ў галаве нарадзілася думка, якая не адпускала падчас усёй вучобы ва ўніверсітэце: баніфратры, шпітальны ордэн, які апякуецца хворымі, дзе ёсць лекары, які арганізоўвае шпіталі, дамы апекі, дамы састарэлых – гэта маё, бо тут можна спалучыць і знаходжанне ў ордэне ў якасці брата, і быць лекарам.

Некалькі разоў я быў на рэкалекцыях для распазнання паклікання ў Польшчы, і як толькі закончыў універсітэт, то адразу, можна сказаць, збег у Польшчу, хоць бацькі былі супраць. Так сталася, што пра сваё рашэнне я сказаў ім у апошнія дні, таму я літаральна ўцёк ад іх. У студзені будзе ўжо дзесяць гадоў, як я выехаў у Польшчу. І Госпад дазваляе мне трымацца ў сваім пакліканні, і не толькі трываць, але Ён хоча, каб я ў Ім радаваўся, каб быў шчаслівы. Каб не хадзіў сціснуўшы зубы, каб мог трываць на зло ворагам, але і радавацца, што я належу да братоў Яна Божага.

Не шкадую, што ў свой час паехаў у Польшчу, але спадзяюся, што будзе магчымасць вярнуцца ў Беларусь. І мне здаецца, што Бог гэтага хоча. Такое ў мяне магутнае перакананне!”

Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку