Браму Міласэрнасці зачынілі ў віцебскай катэдры

vicebsk_brama5«Брамай Міласэрнасці для нас застаецца Езус Хрыстус», — нагадаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 13 лістапада падчас святой Імшы ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску на заканчэнне Надзвычайнага Года Міласэрнасці.

У гэты дзень ва ўсіх юбілейных святынях Беларусі праходзіла закрыццё Святых Дзвярэй — Брамаў Міласэрнасці, якія былі адчынены на пачатку Юбілейнага Года.

У гаміліі біскуп Віцебскі нагадаў, што ў гэты дзень касцёльная супольнасць перадусім «дзякуе Богу за гэты вялікі дар». «Ідэя Юбілейнага Года Міласэрнасці прадугледжвала перш за ўсё аднавіць у свядомасці чалавека важную праўду — Бог для чалавека з’яўляецца не строгім суддзёй, а міласэрным Айцом», — падкрэсліў іерарх.

Разважаючы пра Божую міласэрнасць, біскуп Віцебскі ўзгадаў евангельскую прыпавесць пра марнатраўнага сына і эпізод з распусніцай, адзначыўшы, што ў гэтых тэкстах Святога Пісання Бог выразна праяўляе сваю сутнасць: «Езус не хваліць грэх, але разам з тым і не асуджае. Ён хоча аказаць міласэрнасць кожнаму, хоча кожнага прывесці да Бога — не адштурхнуць».

Разам з тым іерарх падкрэсліў, што «Божая міласэрнасць даецца чалавеку, які гэтага прагне і які імкнецца выправіць сваё жыццё».

«Паводле наказу Касцёла мы зачыняем Браму Міласэрнасці, але разам з тым Брама Міласэрнасці для чалавека не знікае, бо гэтай брамай для нас з’яўляецца споведзь — той дар, які ачышчае нас ад граху і ставіць у справядлівасці перад Богам», — дадаў іерарх.

vicebsk_brama1 vicebsk_brama2

«Год Міласэрнасці павінен яшчэ раз нагадаць нам гэтую праўду, заахвоціць не баяцца адкрыць сваю душу перад Богам, не баяцца прызнаць сваю слабасць і недасканаласць, — адзначыў біскуп Віцебскі. — Але разам з тым мы застаемся Божымі дзецьмі, тымі, каго Бог прагне прывесці да свайго Валадарства». На заканчэнне гаміліі іерарх заклікаў быць «больш падобнымі да Айца ў Яго міласэрнасці».

Выкананнем спеву «Магніфікат» прысутныя на чале з біскупам Віцебскім выказалі падзяку Богу за Юбілейны Год Божай Міласэрнасці.

Пасля Імшы група парафіянаў прадставіла прысутным невялікую сцэнку, прысвечаную тэме выбару Бога ў жыцці.

vicebsk_brama3

Пры ўваходзе ў віцебскі катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага будзе ўмураваны памятны знак Года Міласэрнасці.

vicebsk_brama4

Кацярына Лаўрыненка, catholic.by 

для друку для друку