Брацтва кармэліцкага шкаплера павялічваецца ў Віцебскай дыяцэзіі

19 мая ў Браслаўскую парафію завітаў айцец кармэліт босы Юрый Находка OCD. Святар распавёў пра сутнасць сакрамэнталія шкаплер і прыняў у брацтва шкаплера ўсіх жадаючых, паведамляе waladarka.by.

«Кожны з нас хоча мець пэўную дапамогу ў дарозе да Неба, каб гэты шлях да нашай Нябеснай Айчыны быў лягчэйшым. Мы хочам карыстацца рэлігійнымі рэчамі, якія маем», ‒ адзначыў святар і нагадаў, што шкаплер – гэта адзін з сакрамэнталіяў Касцёла, а таксама распавёў гісторыю марыйных абяцанняў тым, хто штодзённа носіць шкаплер.

«Шкаплер ‒ гэта бачы знак нашай прыналежнасці Богу. Пабожна насіць шкаплер ‒ значыць жыць паводле Божых запаведзяў, імкнуцца да святасці паводле свайго стану. Значыць прынамсі раз у дзень памаліцца праз заступніцтва Маці Божай «Тваёй абароне аддаёмся», памятаць пра нядзельную Імшу, пра асабістую малітву, развіваць сваю веру. І ў гэтым развіцці Маці Божая будзе нам дапамагаць. Але Маці Божая нас не збавіць, яна вядзе нас да Бога», ‒ распавядаў айцец Юрый.

Манах кармэліт перасцярог вернікаў ад надавання шкаплеру празмернага значэння. Шкаплер ‒ гэта толькі кавалак тканіны, «не ён збаўляе нас, а Божая ласка». Але кожны з нас патрабуе сімвалаў, якія нас падтрымліваюць у нашай веры. Шкаплер нагадвае аб пастаяннай Божай апецы над намі.

Пасля святой Імшы вялікая колькасць вернікаў была прынята ў брацтва шкаплера.

З гісторыі шкаплера
На пераломе ХІІ–ХІІІ стагоддзяў на гары Кармэль у Палестыне ўзнікла новая супольнасць пустэльнікаў, якіх пазней назвалі кармэлітамі. Яны вялі жыццё, поўнае малітвы і пакуты, па прыкладзе св. Іллі і называлі сябе Братамі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль. У першай палове ХІІІ стагоддзя пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць Святую Зямлю і перабрацца ў Еўропу. Новы лад жыцця, іншая культура, а таксама непрыняцце манахаў мясцовым духавенствам сталі прычынай крызісу, у якім апынуліся кармэліты. Тады генерал ордэна Сымон Сток, пабожны англійскі кармэліт, прасіў Панну Марыю, каб захавала прысвечаны ёй ордэн. Паводле традыцыі, Маці Божая з’явілася яму ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251 года і, паказаўшы шкаплер, які быў верхняй часткай манаскага габіта, учыніла яго знакам сваёй асаблівай матчынай апекі: «Гэта будзе прывілея для цябе і для ўсіх кармэлітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага». Праз семдзесят гадоў пасля гэтай падзеі папа Ян ХХІІ у так званай суботняй буле ад 3 сакавіка 1322 г. да ранейшых прывілеяў (захаванне ад агню пякельнага, асаблівая апека ў небяспецы душы і цела) дадаў яшчэ суботнюю прывілею, якая датычыць абяцання Маці Божай, што ў першую суботу пасля смерці яна выбавіць з чысца таго, хто пабожна насіў шкаплер.

Святлана Жылевіч, тэкст
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку