Божае нараджэнне ў Ватыкане: ёлка са Славеніі і яслі з керамікі

Ілюстрацыйнае фота

Вялікая святочная ёлка, якая сёлета ўпрыгожыць плошчу св. Пятра, прыбудзе са славенскай вобласці Качэўе, а яслі Божага нараджэння – з італьянскай мясцовасці Кастэлі ў правінцыі Тэрама.

30 кастрычніка 2020 г. Губернатарат Дзяржавы Ватыкан паведаміў, што цырымонія інаўгурацыі святочнай кампазіцыі адбудзецца вечарам 11 снежня. Перад гэтым Папа Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі прадстаўнікоў рэгіёнаў, з якіх будуць дастаўлены ёлка і яслі.

Паведамляецца, што вышыня каляднага дрэва складзе 28 метраў, а максімальны дыяметр ствала – 70 сантыментаў. Гаворка ідзе пра велічную Еўрапейскую або Звычайную ёлку з паўднёва-усходняй часткі Славеніі, на 90% пакрытай лясным масівам. Дрэва, якое адправіцца ў Ватыкан, ужо была выбрана. Яго высекуць у запаведнай зоне недалёка ад мястэчка Качэўска-Рэка, вядомага сваімі некранутымі рукой чалавека старажытнымі лясамі.

Яслі Божага Нараджэння прыбудуць сёлета з італьянскага рэгіёна Абруца, які з ХVI стагоддзя славіцца сваімі керамічнымі вырабамі. Фігуры з гэтага крохкага матэрыялу, вышынёй крыху больш за натуральны рост чалавека, будуць размешчаны на пастаменце плошчай у 125 квадратных метраў.

Статуі вырабляліся ў перыяд з 1965 па 1975 гг. вучнямі і выкладчыкамі мастацкага інстытута ў Кастэлі. На плошчу св. Пятра будзе дастаўлена толькі частка з 54 фігур, якія складаюць усю калекцыю. Некалькі дзесяцігоддзяў таму гэтыя керамічныя святочныя яслі выстаўляліся ў перад касцёлам у Кастэлі, на Форуме Траяна ў Рыме, а таксама ў Іерусаліме, Бэтлееме і Тэль-Авіве.

“У гэтым годзе, яшчэ мацней чым звычайна, традыцыйнае ўпрыгожванне прасторы, прысвечанай Божаму Нараджэнню, на плошчы св. Пятра, жадае стаць знакам надзеі і даверу для ўсяго свету. Яно прагне выразіць упэўненасць, што Езус прыходзіць да свайго народу, каб збавіць і суцешыць яго. Гэта важнае пасланне ў наш складаны час па прычыне надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі, выкліканай COVID-19”, — гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Каляднае дрэва і яслі застануцца на плошчы св. Пятра да заканчэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння, які супадае са святам Хросту Пана, што будзе адзначацца 10 студзеня 2021 г.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку