Божае Нараджэння пасля Божага Нараджэння

Напэўна, свята Нараджэння Пана – гэта адзін з самых чаканых для хрысціяніна дзён у годзе. Ніякі іншы не прыносіць столькі ўражанняў і эмоцый, радасці і супакою ў сэрцы. Урачыстасць мае асаблівую атмасферу, якую часам нават нельга перадаць ці апісаць, яе трэба проста перажыць, акунуцца ў яе. Таму мы ўсе з нецярплівасцю чакаем гэтай важнай падзеі – Дня нараджэння Хрыста.

Аднак, як часта здараецца, пасля ўрачыстасці, пасля прыемных і радасных хвілін надыходзіць шэрая штодзённасць: праца, абавязкі, клопаты… Такое ўжо жыццё. І можа падацца, што ад Божага Нараджэння не засталося і следу. Елку хаваюць на гарышча ці выкідваюць на сметнік, прыгожыя і шчырыя словы, сказаныя і пачутыя падчас ламання аплаткай, сціраюцца ў памяці, а радасць ад таго, што сям’я сабралася разам, гасне. Усё вяртаецца на свае месцы. Як кажуць, святы, святы і па святах. Аднак ці ў гэтым заключаецца сапраўдная сутнасць Божага Нараджэння? Безумоўна не!

Раство – не толькі нагода для святкавання, смачныя стравы, наведванне родных і знаёмых ці прыгожа аздобленая елка з падарункамі і ўпрыгожаны дом. Гэта адназначна штосьці большае! Божае Нараджэнне – гэта магчымасць зноў запрасіць Хрыста ў сваё сэрца і жыццё, нагода, каб у чарговы раз упэўніцца, ці добра падрыхтавана для Яго месца ў нашай штодзённасці, у нашых сем’ях. Перажыванне гэтай праўды не можа абмяжоўвацца адным днём. Яно павінна трываць усё жыццё і стала прыгадваць аб дарозе ў Неба, аб тым, у якім напрамку мы павінны рухацца да святасці, аб любові да Стварыцеля і бліжняга, і што ўсе мы з’яўляемся дзецьмі бязмежна любячага Айца.

Трэба памятаць, што толькі ад нас саміх залежыць, ці застанецца Езус у нашым жыцці, нягледзячы на тое, што святы скончацца і наступіць штодзённасць. Таму няхай сёлетняе святкаванне Божага Нараджэння будзе заахвочваннем для кожнага, каб пастаянна трываць у радасці з-за прыходу ў свет Хрыста.

Кс. Ян Раманоўскі, Слова Жыцця

для друку для друку