Божае Нараджэнне. 25.12.2014

bozhae_naradzennie+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Сталася ў тыя дні:

Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.

Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях.

І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі спакой
людзям добрай волі.

Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан.

І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.

І ўсе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.

А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так як ім было сказана.

Гэта слова Пана.

для друку для друку