Болей бы творцаў, менш бы крытыканаў

00_5_1_1_1Смелы стварае, баязлівец крытыкуе. Сёння — усе крытыкі. Не верыце? Пачытайце каментары да якога-небудзь артыкула ці нататцы ў інтэрнэце. Абяцаю вам — вы абавязкова знойдзеце які-небудзь занудны і доўгі маналог пра тое, чаму нельга пагадзіцца з аўтарам, і чаму яго словы не могуць спадабацца.

Крытыка — гэта не заўсёды адразу зло, хоць часта спосаб выражэння крытыкі ў нашыя дні не вельмі прадуктыўны і не вельмі дапамагае. Тэхналогіі моцна зрушылі акцэнт нашага сацыяльнага ўзаемадзеяння ад асабістых адносін да ананімнасці онлайн. Гэта прывяло да ўзнікнення зусім новага падвіда чалавека разумнага — онлайн-спрачальніка.

Смею вас расчараваць, ёсць такія і сярод хрысціян. І быццам бы і Бог у нашых сэрцах пасяліўся, але вядзем мы сябе так, нібы і няма ніякага Бога. Езус кажа сваім вучням, што іх будуць пазнаваць па любові адзін да аднаго. Хоць, калі пачытаць напісанае хрысціянамі на сценах сацыяльных сетак або ў каментарах, цяжка паверыць, што іх Бог – Бог любові. Мала хто па жорсткасці і грубасці можа параўнацца з хрысціянінам, які не згодны з вашай тэалогіяй. Падняўшы над сабой сцяг веры, у імя яго абароны, мы бярэм на ўзбраенне догмы, з дапамогай якіх і забіць можна, калі моцна пастарацца. Так што не трэба нам пярэчыць!

Хрысціяне, здаецца, такія ж крытыканы, як і ўсе астатнія людзі вакол. Мы сварымся і спрачаемся адзін з адным. Нават нашыя «сяброўскія дэбаты» па напале падобныя да добрай бойкі. Не згодны са мной? Атрымлівай крытыкай па галаве!

Злое крытыканства настолькі моцна ўжылося ў нашу штодзённасць, што мы яго нават не заўважаем. Хоць, можа быць, пара ўжо заўважыць?

У каледжы мы з сяброўскай кампаніяй часцяком сядзелі каля тэлевізара, глядзелі спартыўныя трансляцыі. Нашыя прагляды заўсёды суправаджаліся задзірлівымі каментарамі: «Вось мазіла! Куды ты б’еш? Хіба гэта брамнік? Выгнаць трэба такога з каманды!»

Наколькі ўсе гэтыя каментары былі дурнымі, я зразумеў значна пазней. Мы сядзелі на зручных канапах, насмяхаючыся над тымі, хто ў гразі і поце даказваў сваю стараннасць і талент на полі. І ўжо не нам было даваць парады гэтым спартсменам — наш узровень быў на парадак ніжэй, калі б мы калі-небудзь сустрэліся з імі на полі.

Тэадор Рузвельт неяк сказаў:

«Ад крытыка, які заўважае спатыканні моцных, недасканаласці дзеячаў, нічога не залежыць. Уся слава таму, хто стаіць на арэне, чый твар у пылу, бруду і крыві, хто доблесна б’ецца, памыляецца, падае і зноў паўстае, зноў і зноў. Таму што без памылак не бывае перамог. Усё залежыць ад таго, хто імкнецца нешта рабіць, каму вядомы вялікі парыў энтузіязму, хто ведае натхненне, хто аддае сябе вартаснай справе. Ён ведае цану вялікіх дасягненняў. І калі і наканавана яму пацярпець няўдачу, ён ведае, што ён стараўся, аддаў усяго сябе, і што яму падрыхтаванае месца, далёкае ад гэтых мізэрных, халодных душ, якія не ведалі ні паражэнняў, ні перамог».

І вось мы трацім процьму часу на крытыку іншых людзей. Але што нам з таго? Ці ад гэтага паляпшаюцца нашы ўзаемаадносіны? Або наш духоўны рост здабывае нябачаныя вяршыні? Або наша крытыка — гэта ўсяго толькі падпорка, на якую мы абапіраемся, каб апраўдаць нашу пасіўнасць і духоўную немач?

Мы крытыкуем, таму што ведаем, як лепш, і можам зрабіць лепш? Ці мы з тых баязліўцаў, якім страшна самім паспрабаваць і пацярпець няўдачу? Вельмі часта выходзіць так, што праблема не ў тым, каго крытыкуюць, а ў тым, з каго гэтая крытыка выліваецца.

Творцы, а не крытыкі

Ёсць месца і час для канструктыўнай крытыкі, але звычайна мы проста хочам здавацца разумнікамі, таму проста навальваемся на сваю ахвяру, не думаючы пра тое, колькі сіл і энергіі чалавек уклаў у прадмет нашай крытыкі. А што, калі паспрабаваць адмовіцца ад крытыкі і паспрабаваць што-небудзь стварыць самому? Выйсці, так бы мовіць, з пляцоўкі запасных на ігравое поле? Замест чарговых незадаволенасцяў з нагоды кімсьці дрэнна зробленай працы, ўзяць, ды і паспрабаваць зрабіць гэта самаму?

Крытыка — гэта лёгка. Яна лянівая і бяспечная. Гэта такі спосаб здавацца перад іншымі лепшым, чым мы ёсць на самой справе.

У кнізе Быцця, у яе першай главе, Бог творыць. Ён стварае свет і ўсё ў ім. Калі быў створаны космас, а разам з ім кожная дробная дэталь была прадугледжана, Бог ўзяўся за стварэнне чалавека. І чалавека Бог стварыў на Свой вобраз і падабенства Божае. Мы створаныя па вобразу нашага Творцы. У нас закладзена здольнасць да творчасці.

Я, вядома, не мастак. Магу, мабыць, намаляваць якую-небудзь загагуліну, за якую Пікассо мог бы зрубіць добрую суму грошай. Але гэта мяжа маіх здольнасцяў. Я не музыкант. Калі я чую прыгожую музыку, я заўсёды дзіўлюся, таму што ў мяне такога таленту няма. Я заўсёды схіляюся перад здольнасцямі таленавітых людзей ствараць тое, што яны ствараюць, колькі для гэтага патрабуецца ведаў і ўменняў. Я цаню творчы патэнцыял ў людзях, таму што ў мяне многія таленты адсутнічаюць як клас.

Але, незалежна ад наяўнасці ў нас тых ці іншых здольнасцяў, нам варта шанаваць таленты людзей вакол нас. Нам можа не падабаецца стыль. Нам можа не падабаецца форма, у якой гэты талент выяўлены, але мы не можам адмовіць павагі таленту, калі чалавек відавочным чынам праяўляе сваю творчую ідэю.

Пакліканыя да творчасці

Крытыка — гэта лёгка. Яна лянівая і бяспечная. Гэта такі спосаб здацца лепшым, чым мы ёсць на самой справе, за кошт прыніжэння таленту або дасягненняў іншых людзей. Наша крытыка не з’яўляецца адлюстраваннем Божага вобраза і падабенства. Мы свецімся Богам, калі творым. Хрысціянін не можа ставіць перад сабой мэту ў разбурэнні пабудаванага іншымі. Нам патрэбна іншая мэта — умацаванне місіі Хрыста. Мы павінны творча выкарыстоўваць усе свае дары, каб выказваць любоў і ласку Бога да гэтага свету.

Мы ўсе па-свойму творчыя людзі. Хтосьці малюе, хтосьці збірае словы ў прыгожыя вершы, хтосьці добра «спраўляецца» з лічбамі, а хтосьці па-сапраўднаму валодае «залатымі» рукамі. Нашае служэнне Богу значна больш эфектыўнае, калі мы штосьці ствараем, а не калі руйнуем створанае іншымі людзьмі.

Тайлер Эдвардс

grodnensis.by

для друку для друку