Богаслужэнне ў Удзелаўскім касцёле суправаджалася гукамі дуды (+відэа)

У нядзелю, 6 мая, дудары наведалі касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў Удзеле, дзе прынялі ўдзел у святой Імшы.

Наведванне Удзелаўскага касцёла ўваходзіла ў праграму Міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”, які прайшоў у гэтым годзе на Глыбоччыне ўжо ў другі раз. Фэст праходзіць дзякуючы ініцыятыве Віталя Воранава, дзядуля і бабуля якога былі жыхарамі Удзела. У іх прайшло маленства Віталя, тут, у Удзелаўскай святыні, ён прыступіў да першай Камуніі, якую яму ўдзяліў ксёндз Юозас Булька. Віталь Воранаў лічыць Удзела сваёй малой радзімай, таму і захацеў, каб замежныя госці мелі магчымасць выступіць перад яго землякамі.

У гэтым годзе на Глыбоччыну прыехалі дудары з Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Партугаліі, Латвіі, Расіі і з самой Беларусі. Перад пачаткам святой Імшы яны ўрачыста ўвайшлі ў касцёл пад чароўныя гукі сваіх інструментаў. Апошнім быў выступ Віталя Воранава, які выканаў на дудзе гімн “Магутны Божа”, пасля чаго пачалося богаслужэнне.

Музыкі з Польшчы ўпрыгожылі Літургію сваёй ігрой і спевам. Акрамя дуды, на Імшы гучалі скрыпка і кларнет.

А напрыканцы Імшы слова атрымаў спадар Віталь. Ён і пазнаёміў землякоў з прадстаўнікамі кожнай краіны. Яны ў сваю чаргу пазнаёмілі вернікаў з музычнай традыцыяй свайго рэгіёна: калектывы прадставілі свае музычныя нумары. Іх выступы былі вельмі цёпла сустрэтыя слухачамі.

Пасля Імшы музыкі зрабілі перад касцёлам агульны здымак. А Віталь Воранаў паабяцаў прывесці дудароў у родную вёску роўна праз год.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

 

для друку для друку