Бог Вялікі! Вы ведалі пра гэта? Адбыўся штогадовы летнік для моладзі са Шчучына

schycnun_letnik10Ад самага дзяцінства я сваім розумам дасвядчала гэтую праўду. Але сэрца маё толькі спрабавала адкрыць дзверы гэтага магуцця. Святыя людзі нездарма казалі: “Самы доўгі шлях у нашым жыцці – ад розуму да сэрца”.

Усёю душою веру, што я знайшла гэты шлях… Бог падарыў мне мапу да майго сэрца. Хачу з вамі падзяліцца гэтай гісторыяй.

18 ліпеня моладзь Шчучынскай парафіі св. Тарэзы Авільскай прыехала на даўно запланаваны адпачынак у форме тыднёвых рэкалекцый.

Колькасць ў 27 чалавек мяне, як выхавацеля і аднаго з арганізатараў, даволі моцна насцярожыла, але не спужала і не спыніла. Вясковая хата, вакол авечкі, рэчка, мясцовыя жыхары і наперадзе 7 дзён невядомасці.

Камандныя спаборніцтвы: “Я ведаю Беларусь”, “ Танцавальны батл 2016”, “Нечаканая казка” і шмат-шмат іншых — дазволіла хутка стварыць незвычайную, сямейную і сяброўскую атмасферу сярод моладзі. Ды, акрамя гэтага — смашная ежа, плясканне ў вадзе, звычайныя размовы.

schycnun_letnik07

Чырвонай стужкай праз наш адпачынак прайшла тэма 7 смяротных грахоў. Чытанне і разважанні над Славам Божым, дзяленні, падрыхтаваны самымі падлеткамі Крыжовы шлях, пустыння, малітва – усё дапамагала дакапацца да самых глыбокіх і добра замаскаваных “хранічных захворванняў” нашай душы.

Адкрытых фортак для нежаданых гасцей у нашым жыцці знайшлося нечакана шмат. Дык вось,
ужо гатовыя сябе закапаць як горшых грэшнікаў на свеце, мы атрымалі падарунак ад самаго
нашага Айца: Дух Святы прыйшоў ласкай вялікай любові і прабачэння.

Я дапамагаю арганізоўваць такія адпачынкі не першы год , але магу ўпэўнена сказаць, што такой прысутнасці Бога ва ўсіх Трох Асобах перажыла я ўпершыню… І што самае галоўнае, моладзь сведчыла пра вельмі падобнае адчуванне.

Ад усёй Шчучынскай моладзі кажам вялікае “Дзякуй” а. Вітальду Пяцельчыцу (пробашчу нашай парафіі) за магчымасць такога адпачынку; Варонік Віталю – за смачную кашу і не толькі; Атрашкевіч Юлі – за бескарыснае служэнне.

Гэта гісторыя майго падарунка, якой я з радасцю дзялюся. І жадаю кожнаму з вас яго атрымаць.

Хвала Вялікаму Богу!

Алена Мыслівец, тэкст
Юля Атрашкевіч, фота

для друку для друку