Блог біскупа. Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць на зямлі

14 кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень маці, біскуп Юзаф Станеўскі допіс у блогу прысвяче нашым дарагім матулям.

Я ведаю рукі, якія заўсёды благаслаўляюць. Ведаю вочы, якія ўсміхаюцца, калі хтосьці побач, і плачуць, калі ніхто не бачыць. Я ведаю сэрца, якое ніколі не перастае любіць і заўсёды прабачае. Гэта рукі, вочы і сэрца тваёй маці.

Мае дарагія сябры, усе мы сваім існаваннем абавязаны маці. Яна нарадзіла нас з любові. Немаўлятка разумее маці без словаў, бязмежна ёй давярае, адчувае тое самае, што адчувае яна, бо маці часцей за ўсё размаўляе сэрцам. Маці хавае ад дзіцяці боль, клопаты, турботы.

Роля маці асаблівая і ўзнёслая, а матуліна імя — самае прыгожае з усіх.

У самім гучанні слова «мама» — першыя ўспаміны з маленства, юнацкія прыгоды, бесклапотныя, светлыя і радасныя пачуцці. У ім безліч мар, слёз і ўсмешак, бур і сонца. Яно мае пах старой пахілай хаты, дзе сцены шэпчуць малітву. А калі хтосьці хоча адным словам выказаць самыя моцныя пачуцці, не знойдзе іншага, як толькі слова МАМА.

Бог паклікаў маці, каб усмешкамі свяціліся дзіцячыя тварыкі, каб было не страшна ў цемры ночы. Маці зберагае і шчодра перадае самыя каштоўныя скарбы традыцый, культуры і рэлігіі. Таму ў сваёй першай энцыкліцы Evangelii Gaudium папа Францішак піша: «Чалавек лепш за ўсё разумее Божае слова, Божыя праўды, калі размаўляе з Богам на матчынай мове» (пар. EG 29).

Добрая маці ўкладае ўсё сваё сэрца ў дом і сям’ю. Маці — гэта сумленне мужчыны, выхаваўца дзяцей, абаронца веры, маральных каштоўнасцяў і спакою ў доме пры адной умове, пра якую натхнёны аўтар піша у кнізе Прыпавесцяў: тая жанчына заслугоўвае пахвалы, якая баіцца Пана (гл. Прып 31, 10–30).

Мае дарагія сябры, калі мы хочам, каб сённяшні дзень стаў лепшым, нам патрэбная малітва маці.

Дарагія дзеці! Сёння, у Дзень маці, давайце падумаем, як мы можам аддзячыць сваёй матулі і кожнай маці нашай Радзімы (бо ў розных краінах гэты дзень адзначаюць у розны час). Няхай словы нашых пажаданняў і нашай любові спалучаюцца з малітвай за жывых і памерлых матуль.

Бог паклікаў маці, каб усмешкамі свяціліся дзіцячыя тварыкі, каб было не страшна ў цемры ночы. Маці зберагае і шчодра перадае самыя каштоўныя скарбы традыцый, культуры і рэлігіі. Таму ў сваёй першай энцыкліцы Evangelii Gaudium папа Францішак піша: «Чалавек лепш за ўсё разумее Божае слова, Божыя праўды, калі размаўляе з Богам на матчынай мове» (пар. EG 29).

Добрая маці ўкладае ўсё сваё сэрца ў дом і сям’ю. Маці — гэта сумленне мужчыны, выхаваўца дзяцей, абаронца веры, маральных каштоўнасцяў і спакою ў доме пры адной умове, пра якую натхнёны аўтар піша у кнізе Прыпавесцяў: тая жанчына заслугоўвае пахвалы, якая баіцца Пана (гл. Прып 31, 10–30).

Любыя мамы, сёння, у ваша свята, мы абдымаем вас сваёй любоўю і дабрынёй, дзякуем за нялёгкую працу, ахвярнасць, усмешку, любоў і чулае матчына сэрца.

Жадаем вам Божага благаслаўлення на ўсе дні вашага жыцця праз заступніцтва нашай Нябеснай Маці Марыі. Здароўя вам і шчасця!

Дзеці, заўсёды шануйце і любіце — прычым у любых абставінах — сваіх матуль!

З дарам сыноўскай малітвы

Біскуп Юзаф Станеўскі, Catholic.by

для друку для друку