Мае дарагія сябры, любая моладзь Беларусі, браты і сёстры ў Хрысце Пану і праз супольнае жыхарства на Малой Радзіме, імя якой — Беларусь!
Вось і настаў апошні летні месяц. Мала хто, напэўна, меркаваў, што ён будзе настолькі гарачым на нашай Бацькаўшчыне. І хоць ёсць прымаўка, што пасля святой Ганны да абеду — лета, а ўвечары — восень, то сёлетняя «восень» вечарамі як ніколі гарачая.
Вуліцы і плошчы гарадоў напоўніліся гарачымі сэрцамі братоў і сёсцёр, сыноў і дачок нашай Бацькаўшчыны.
Неба заіскрылася фаерамі, а вецер панёс над блакітнымі хвалямі нашых азёр і па голых пожнях зжатай збажыны пытанне Бога, скіраванае да Беларусаў: «Дзе твой брат? Што ты зрабіў?» (пар. Быц 4, 9–10).

Каін і Абэль / Rambler.ru
Што МЫ робім з сынамі і дочкамі нашай Маці-Беларусі?!
Напэўна, усе бакі адкажуць, што мы дбаем аб яе дабрабыце, аб сіле і прыгажосці Радзімы. А святы апостал Павел усіх нас, веруючых і няверуючых, дакарае: «Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста. Дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека.
Адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — члены адзін аднаго.

Ілюстрацыйнае фота: Obozrevatel / Getty images
Дараваць?! Так!!! Як? Згодна з вучэннем Езуса Хрыста і па Яго прыкладзе.
«Ці ажно сем разоў?» — пытаецца сённяшні Пётр? «Ажно семдзесят сем разоў», — і сёння адказвае Езус.
Але нават не распачынай, браце і сястра, лічыць, колькі разоў ужо прабачыў, бо лічба 77 у Евангеллі з’яўляецца сімвалам бясконцасці. А Езус пытаецца далей: «Ці ж не належала і табе злітавацца над сабратам тваім, як і Я злітаваўся над табою?» (пар. Мц 18, 21–33).

Ілюстрацыйнае фота: PAP / Grzegorz Rogiński
Аб добрай, мірнай раніцы я малюся для цябе, Беларусь, для тваіх дачок і сыноў.
Каб была паміж намі любоў. Я малюся за цябе і прашу…
+ Юзаф Станеўскі
Біскуп Гродзенскі
