Бласлаўлёны закрыстыянін

Папа Францішак апублікаваў дэкрэт аб гераічнасці цнот і пацвярджэнні спрадвечнага культу (т. зв. раўназначная беатыфікацыя) Слугі Божага Міхала Гедройца. Гэта азначае ўключэнне яго ў літургічны каляндар і дае дазвол на ўшанаванне новага бласлаўлёнага ў месцах, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю.

Кульгавы

Бл. Міхал Гедройц нарадзіўся каля 1425 года ў мястэчку Гедрайчай недалёка Вільнюса (Літва). Паходзіў з сям’і літоўскіх князёў.

Быў невысокі, хваравіты, хадзіў на мыліцах. На падставе пазнейшага даследавання рэліквій было ўстаноўлена, што адна яго нага была карацейшай за другую. З-за гэтага хлопца называлі “кульгавым”, таму ён цярпеў з самага дзяцінства – не толькі фізічна, але і псіхічна.

Дзякуючы досведу свайго калецтва даспяваў да глыбокага разумення Мукі Хрыста і спачування пакутуючым людзям. У маладосці вырабляў посуд, у якім прыносілі хворым Найсвяцейшы Сакрамант. Пазбягаючы людзей, шмат часу прысвячаў на малітву.

Адмовіўся ад зямных ушанаванняў

У 1460 годзе Міхал Гедройц, будучы ўжо ў сталым узросце, уступіў у Ордэн Канонікаў Рэгулярных ад Пакуты ў Быстрыцы (сёння тэрыторыя Астравецкага раёна). Праз некалькі месяцаў быў скіраваны ў кляштар у Кракаве (Польшча), дзе праз некаторы час склаў манаскія абяцанні. У сувязі са сваім княжацкім паходжаннем, нягледзячы на калецтва, мог атрымаць святарскія пасвячэнні, аднак захацеў застацца “малым”, таму стаў братам. У 1461 годзе распачаў навучанне на факультэце гуманітарных навук Кракаўскай Акадэміі, якую скончыў са ступенню бакалаўра тэалогіі.

Будучы закрыстыянінам у касцёле св. Марка ў Кракаве, бласлаўлёны шмат часу прысвячаў сузіранню Мукі Хрыста. Маліўся галоўным чынам перад вялікім распяццем і перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, які пазней назвалі абразом Маці Божай Гедройцавай.

Аднойчы Хрыстос, умацоўваючы манаха ў самаўтаймаванні і болю, звярнуўся да яго з крыжа: “Будзь цярплівы ажно да смерці – і атрымаеш карону славы”. Адзін з братоў, сведка незвычайнага здарэння, паведаміў пра гэта іншым, аднак бр. Міхал не хацеў нічога каментаваць і толькі перад смерцю расказаў усё свайму спаведніку.

Бл. Міхал Гедройц, які пакорна служыў таямніцы Эўхарыстыі, з’яўляецца заступнікам сясцёр ядзвіжанак вавэльскіх (Кангрэгацыя Сясцёр св. Каралевы Ядзвігі Служак Хрыста Прысутнага). Манахіні, якія маюць пры касцёле св. Марка ў Кракаве свой дом, прынялі ад Ордэна Канонікаў Рэгулярных, да якога належаў бласлаўлёны, характэрны белы хабіт са знакам чырвонага сэрца з крыжом.

Успрымальны да людскога цярпення

Пан Бог адарыў Міхала Гедройца прароцкім духам і ласкай здзяйсняць цуды. Хворыя натоўпамі ішлі да яго. Лічачы манаха “сябрам Бога”, людзі прасілі яго аб заступніцкай малітве, а той выпрошваў для іх цудоўныя ласкі ў хвіліны цяжкасцей і клопатаў. Цікаўныя прыбывалі таксама да манаха і пыталіся аб будучыні. Ён альбо дакараў іх, або пакорна казаў: “Гэта вядома толькі Богу. Ласку прарочання Ён часам удзяляе толькі вялікім сваім умілаваным, я ж вялікі грэшнік”.

Бр. Міхал баяўся каго-небудзь засмуціць. Калі адна маці спыталася ў яго пра далейшыя поспехі сваіх сыноў, доўга маўчаў. І толькі з-за таго, што тая моцна прасіла, адказаў, што адзін яе сын стане ксяндзом, а другі скончыць жыццё на абочыне. Прадказанне збылося, аднак ён вельмі шкадаваў, што такім чынам засмуціў тую жанчыну.

Бл. Міхал меў шчодрае і пакорлівае сэрца. Калі атрымліваў міласціну, перадаваў яе ўбогім ці на патрэбы кляштара і касцёла, нічога не пакідаючы сабе. Жыў у глыбокай аскезе: часта еў толькі хлеб з соллю, быў вегетарыянцам. Практыкаваў бічаванне цела – часта яго знаходзілі пабітым, што прыпісвалі ўздзеянню злога духа. Строгі лад жыцця з часам прывёў да знясілення арганізма і праблем са здароўем.

Калі жыццё манаха падыходзіла да канца, папрасіў пробашча і братоў, якія сабраліся ля ложка, каб прабачылі яму правіны і маліліся за яго. А на просьбу настаяцеля пакінуць братам збаўчую навуку, перш за ўсё, параіў ім любоў, гаворачы: “Дзе гэта ёсць, там і Пан Бог ёсць. Бог ёсць Любоў, і хто жыве ў любові, жыве ў Богу, а Бог – у ім”.

Памёр 4 мая 1485 года ў арэоле святасці. Пахаваны ў касцёле св. Марка, дзе на працягу многіх гадоў жыў і працаваў. Спачывае ў прэзбітэрыі каля ўваходу ў закрыстыю. На адной з фігурак, захаваных у гэтай святыні, бласлаўлёны мае непрапарцыянальна доўгія далоні. Такім сімвалічным чынам майстар хацеў паказаць, што рукі бл. Міхала Гедройца былі поўныя дабрыні і міласэрнасці, якімі ён пры жыцці шчодра дзяліўся.

Культ трываў непарыўна

Адразу ж пасля смерці бр. Міхала праз яго заступніцтва пачалі адбывацца шматлікія цуды. Іх была такая вялікая колькасць, што пачалі складваць спіс. Аднак распачатыя намаганні аб узнясенні манаха да хвалы алтара не скончыліся поспехам, таму што Святая Канцылярыя з дазволу папы Урбана VIII выдала пастанову, якая абавязвала адмову яго публічнага культу. Гэтаму паспрыяў таксама роспуск ордэна, да якога належаў манах.

Нягледзячы на тое, культ бл. Міхала Гедройца не знік. Яго аднаўленню садзейнічаў шматгадовы рэктар кракаўскага касцёла св. Марка кс. праф. Вацлаў Свежаўскі, пазнейшы біскуп Сандомірскі. У 1985 годзе намаганнямі святара была падрыхтавана 10-гадовая навэнна да Міхала Гедройца. 11 мая таго ж года была адпраўлена ўрачыстая св. Імша ў намеры хуткай беатыфікацыі манаха. У 1998 годзе адбылося ўрачыстае закрыццё інфармацыйнага працэсу на дыяцэзіяльным узроўні ў справе зацвярджэння культу бр. Міхала, а ў 2001 годзе Апостальская Сталіца выдала дэкрэт “Nihil obstat”, які выражаў згоду на паўторнае распачацце яго беатыфікацыйнага працэсу.

У 2017 годзе галоўны пастулатар падаў “positio”, неабходнае для далейшай беатыфікацыйнай працэдуры. Пасля знаёмства з гэтым дакументам Кангрэгацыя па справах кананізацыі перадала прапанову пацвярджэння культу для заключэння Святому Айцу. 8 лістапада 2018 года Папа Францішак пацвердзіў спрадвечны культ, здзяйсняючы т. зв. раўназначную беатыфікацыю. Яна прымяняецца ў сітуацыях, калі існуе доўгачасовы, спантанны культ дадзенай асобы, але правядзенне кананічнага працэсу немагчымае з-за недахопу дастатковых гістарычных крыніц.

Шануемы ў Беларусі

Памяць пра бл. Міхала Гедройца жыве не толькі ў Польшчы і Літве.

У 2017 годзе рэліквіі бласлаўлёнага былі ўнесены ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы. Бл. Міхал паходзіў з гэтых земляў. Дзякуючы з’яўленню яго рэліквій у святыні вернікі атрымалі новага заступніка. Сваю штодзённасць і просьбы яны з даверам даручаюць Богу праз заступніцтва бласлаўлёнага, звяртаючыся да яго ў розных патрэбах душы і цела.

Рэліквіі бл. Міхала Гедройца прыбылі ў парафію ў Быстрыцы. 20.05.2017

Кінга Красіцкая, «Слова жыцця»

для друку для друку