Бэнэдыкт XVI: пераадолець крызіс злоўжыванняў вяртаннем да Бога

Трэба вярнуцца да Бога, каб пераадолець крызіс злоўжыванняў, падкрэсліў Бэнэдыкт XVI у разважанні, якое напісаў для нямецкага “Klerusblatt”. Яно было апублікавана 11 красавіка 2019 года агенцтвам “CNA”.

Папа на пенсіі спаслаўся на лютаўскую ватыканскую сустрэчу старшынь нацыянальных епіскапатаў, прысвечаную абароне непаўналетніх у Касцёле. Ён прызнаўся, што пажадаў зрабіць свой унёсак у гэту місію.

Тэкст складаецца з трох частак. У першай гаворка ідзе пра грамадскі кантэкст, які прывёў да злоўжыванняў, у першую чаргу, пра “сексуальную рэвалюцыю 1968 г.”. Менавіта ў гэты перыяд педафілія стала ўспрымацца як штосьці “дазволенае”. Адначасова назіраўся “спад пакліканняў” і “велізарная колькасць выпадкаў зыходу са святарскага стану”. Паводле Папы на пенсіі, да ўзгаданага перыяду адносіцца таксама “заняпад каталіцкай маральнай тэалогіі”, у якой сталі праяўляцца рэлятывісцкія тэндэнцыі. Паводле пэўных тэалагічных плыняў, не магло існаваць чагосьці “абсалютна добрага” і “выключна дрэннага”. “Больш не было дабра, а толькі тое, што ў канкрэтны момант і згодна з абставінамі з’яўляецца адносна лепшым”, — напісаў ён.

Ёзаф Ратцынгер узгадаў пра Кёльнскую дэкларацыю 1989 года, падпісаную пятнаццаццю каталіцкімі тэолагамі, якая ператварылася ў “крык пратэсту супраць вучэння Касцёла” і супраць Яна Паўла ІІ. Праз некалькі гадоў пасля яе была напісана энцыкліка “Veritatis splendor”, у якой сцвярджалася, што “існуюць дзеянні, якія ніколі не могуць стаць добрымі”. Пантыфік на пенсіі дадаў, што ў “многіх сферах маральнай тэалогіі” ставіўся пад сумніў аўтарытэт Касцёла ў маральнай сферы, і Касцёл прымушалі маўчаць там, дзе на коне стаяла “мяжа паміж праўдай і хлуснёй”.

У другой частцы разважання Бэнэдыкт XVI засяродзіўся на наступствах гэтага працэсу ў фармацыі святароў. Ён заўважыў, што “ў розных семінарыях узнікалі гомасексуальныя асяродкі, якія дзейнічалі больш ці менш адкрыта”. “Святы Пасад ведаў пра гэтыя праблемы, не будучы паінфармаваным пра іх у дэталях”. Тады лічылася, што духу Другога Ватыканскага Сабора адпавядае “крытычнае ці негатыўнае стаўленне да традыцыі, дзейснай у той момант”, і замена яе “новым падыходам, радыкальна адкрытым на свет”, аж да “развіцця пэўнага роду новай, сучаснай “каталіцкасці”.

Паводле Папы на пенсіі, пытанне педафіліі стала вострым толькі ў другой палове 1980-х гг. і на першым этапе вырашалася мякка і павольна. Акцэнт рабіўся на “гарантаванне правоў абвінавачаных”, робячы амаль немагчымым іх асуджэнне. У гэтым кантэксце ён узгадніў з Янам Паўлам ІІ магчымасць надання асаблівай кампетэнцыі Кангрэгацыі Веравучэння, якая праз сапраўдны судовы працэс магла прызначыць вінаватым самае вышэйшае пакаранне, якім з’яўляецца выдаленне са святарскага стану. Аднак тут выявіліся спазненні, “якіх неабходна было пазбегнуць”. Таму Папа Францішак распачаў далейшыя рэформы, нагадаў Папа-эмерыт.

У трэцяй частцы тэксту Бэнэдыкт XVI выказаў сваё меркаванне адносна таго, як Касцёл павінен адказаць на праблему злоўжыванняў. “Супрацьяддзем ад зла, якое пагражае нам і ўсяму свету”, ён назваў адданне “Божай любові”. “Свет без Бога” будзе толькі “светам без сэнсу”, у якім больш няма крытэрыяў дабра і зла, няма праўды, а ёсць толькі закон больш моцных, напісаў ён.

Папа на пенсіі крытычна выказаўся пра заходняе грамадства, у якім “Бог адсутнічае ў грамадскай сферы і для якога Ён больш не мае чаго сказаць”. Тут губляецца крытэрый і мера таго, што чалавечае. Гэта тычыцца і педафіліі, разгляданне якой, як прымальнай, прывяло да яе распаўсюджвання. Каб адказаць на праблему, трэба зноў “навучыцца прызнаваць Бога ў якасці фундаменту нашага жыцця”, перакананы ён.

Гаворачы пра неабходнасць вяртання да Бога, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць аднаўлення веры ў Эўхарыстыю, разумення велічы мукі і ахвяры Хрыста, пераадолення ўспрыняцця Касцёла грамадствам як “палітычнага апарату”, “няўдалага”, які трэба ўзяць у свае рукі і зрабіць нанова.

Святы Айцец заклікаў не паддавацца дзейнасці злога, які хоча паказаць, што ў Касцёле няма добрых людзей. Касцёл таксама і сёння з’яўляецца прыладай, якой Бог нас збаўляе. “Вельмі важна супрацьпастаўляць д’ябальскай хлусні і паўпраўдзе поўную праўду: так, грэх і зло прысутнічаюць у Касцёле, але таксама і сёння ёсць святы Касцёл, непераможаны”, — напісаў ён.

Сваё разважанне Бэнэдыкт XVI завяршыў падзякай Святому Айцу Францішку за ўсё, што ён робіць, каб паказаць усім Божае святло.

Беларуская рэдакцыя Vatica News

для друку для друку