Бэнэдыкт XVI напісаў ліст на пахаванне свайго брата

8 ліпеня 2020 года ў Рэгенсбургу прайшло пахаванне кс. Георга Ратцынгера, брата Бэнэдыкта XVI. Падчас цырымоніі быў прачытаны ліст Папы-эмерыта, адрасаваны біскупу Рэгенсбурга Рудольфу Фодэрхольцэру.

Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць усім, хто прыйшоў правесці яго брата ў апошні шлях, а таксама ўсім, хто суправаджаў яго – бачным і нябачным чынам – на працягу апошніх тыдняў.

Папа-эмерыт нагадаў, што Георг Ратцынгер сумясціў пакліканне да святарства з пакліканнем да музыкі. Ён нагадаў, што кіраванне хорам “Regensburger Domspatzen” прыносіла яго брату шмат радасці, але таксама было і крыніцай цярпенняў, паколькі яму даводзілася сустракацца з варожасцю і адчужэннем, асабліва на самым пачатку служэння. Тым не менш Георг Ратцынгер стаў сапраўдным бацькам для мноства маладых людзей, якія і далей заставаліся побач з ім з удзячнасцю.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што яго брат быў вясёлым і камунікабельным, меў пачуццё гумару, радаваўся добрым дарам стварэння, але пры гэтым быў чалавекам надзвычайнай прамым і адкрыта выказваў свае меркаванні. Папа-эмерыт узгадаў, што Георг Ратцынгер больш за 20 гадоў правёў у амаль поўнай слепаце. Гэта было для яго вельмі цяжкім выпрабаваннем, але ён прымаў яго і пераадольваў у душы.

“Ён заўсёды быў Божым чалавекам… Хоць і не выстаўляў напаказ сваю рэлігійнасць, цэнтрам яго жыцця была стрыманасць і сумленнасць”, — напісаў Папа-эмерыт.

Напрыканцы паслання Бэнэдыкт XVI падзякаваў усім, дзякуючы каму стаў магчымы яго візіт у Германію. Ён прызнаўся, што Георг Ратцынгер не прасіў яго прыехаць і ён накіраваўся туды па ўласнай ініцыятыве, ведаючы, што прыйшоў час. Развітваючыся, браты ведалі, што гэта іх апошняя сустрэча ў гэтым жыцці. “Але мы зналі таксама, што добры Бог, які падарыў нам гэту сувязь на зямлі, пануе і ў іншым свеце, і Ён адорыць нас новай сувяззю. Дзякуй, дарагі Георг, за тое, што ты для мяне зрабіў, за тое, што мне даў”, — напісаў Папа-эмерыт.

Кс. Георг Ратцынгер адышоў у вечнасць 1 ліпеня ў 96-гадовым узросце. Бэнэдыкт XVI здзейсніў візіт у Германію, каб адведаць яго ў сярэдзіне чэрвеня.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку