Бэнэдыкт XVI і кардынал Сара пра вартасць святарскага цэлібату

Бэнэдыкт XVI і кардынал Рабэр Сара напісалі кнігу аб каштоўнасці святарскага цэлібату. Падзею пракаментаваў у сваёй аўтарскай калонцы на “Vatican News” галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі.

Кніга з’явіцца на паліцах кнігарняў 15 студзеня 2020 г. Яна была падрыхтавана ў французскім выдавецтве “Le Figaro”, якое за некалькі дзён да афіцыйнай прэзентацыі апублікавала некаторыя ўрыўкі з яе. На старонках выдання Папа на пенсіі і прэфект Кангрэгацыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў называюць сябе двума біскупамі, што прабываюць у “сыноўскай паслухмянасці папу Францішку” і “шукаюць праўду” у “духу любові да еднасці Касцёла”. Пытанню цэлібату ў кнізе прысвечаны 175 старонак. Адзін тэкст на гэту тэму напісаў Папа-эмерыт, а другі – кардынал-прэфект. Уводзіны і завяршэнне падпісаны абодвума аўтарамі.

Кардынал Сара нагадаў, што існуе “анталагічна-сакрамэнтальная сувязь паміж святарствам і цэлібатам”, а “любое паслабленне гэтай сувязі паставіць пад пытанне вучэнне Сабора і Паўла VI, Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI”. Іерарх заклікаў Францішка не дапусціць гэтага, “наклаўшы вета на любое паслабленне закону аб святарскім цэлібаце, нават калі яно абмежавана тым ці іншым рэгіёнам”. Кардынал Сара называе “душпастырскай катастрофай, касцёльнай блытанінай і паслабленнем разумення святарства” магчымасць пасвячэння жанатых мужчын.

Бэнэдыкт XVI у сваім кароткім тэксце спасылаецца на юдэйскія карані хрысціянства. Ён сцвярджае, што святарства і цэлібат спалучаны з самага пачатку “новага запавету” Бога з чалавецтвам, устаноўленага Езусам. Папа-эмерыт нагадвае, што ўжо “у старажытным Касцёле”, у першым тысячагоддзі, “жанатыя мужчыны маглі атрымліваць сакрамэнт пасвячэння толькі калі абавязваліся захоўваць сексуальнае ўстрыманне”.

Андрэа Тарніелі нагадаў, што святарскі цэлібат не з’яўляецца і ніколі не быў догматам. Гаворка ідзе пра эклезіяльную дысцыпліну лацінскага Касцёла, якая з’яўляецца “каштоўным дарам”, акрэсленым так апошнімі Пантыфікамі. Каталіцкія Цэрквы ўсходняга абраду прадугледжваюць магчымасць прэзбітэрскага пасвячэння для жанатых мужчын, а для Касцёла лацінскага абраду менавіта Бэнэдыктам XVI было зроблена выключэнне ў Апостальскай канстытуцыі “Anglicanorum coetibus”, прысвечанай англіканам, якія просяць аб еднасці з Каталіцкім Касцёлам. Дакумент прадугледжвае магчымасць пасвячэння жанатых мужчын, “згодна з аб’ектыўнымі крытэрыямі, прынятымі Святым Пасадам”.

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ нагадаў, што Францішак шматразова выказваўся на гэту тэму. Яшчэ ў бытнасць кардыналам, у кнізе-інтэрв’ю з рабінам Абрагамам Скоркам, ён тлумачыў, што з’яўляецца прыхільнікам захавання цэлібату “з усімі pro i contro, якія ён нясе за сабой, бо на працягу дзесяці стагоддзяў гісторыі было больш станоўчага досведу, чым памылак”.

У студзені мінулага года, падчас размовы з журналістамі па дарозе з Панамы, Папа нагадаў выраз Паўла VI: “Лічу лепшым аддаць сваё жыццё, чым змяніць правіла цэлібату”. Пантыфік падкрэсліваў: “Асабіста лічу, што цэлібат – гэта дар для Касцёла… Не пагаджуся з тым, каб дазволіць факультатыўны цэлібат”. Ён таксама нагадаў пра дыскусію паміж тэолагамі адносна магчымасці выключэння для некаторых далёкіх рэгіёнаў, такіх як астравы Ціхага Акіяну, але ўдакладніў, што “гэта не яго рашэнне”. “Я “закрыты”? Магчыма. Але я не гатовы стаць перад Богам з гэтым рашэннем”, — казаў Папа.

Андрэа Тарніелі заўважыў, што пытанне абмяркоўвалася падчас Сінода Біскупаў па Амазоніі. Былі біскупы, якія прасілі аб магчымасці прэзбітэрскага пасвячэння для жанатых пастаянных дыяканаў.

Аднак, у сваёй заключнай прамове Папа, пасля пачутых ім выступленняў і дыскусій у Сінадальным зале, ніякім чынам не ўзгадаў тэму пасвячэння жанатых мужчын, нават мімалётам. Пантыфік казаў пра крэатыўнасць у новых відах служэння і ролю жанчыны, а гаворачы пра недахоп духавенства ў некаторых місійных зонах, нагадаў, што ёсць шмат мясцовых святароў, якія адправіліся ў краіны першага свету – Злучаныя Штаты і Еўропу, – замест таго, каб несці служэнне ў Амазоніі.

Дзякуючы прадстаўнікам СМІ за працу падчас Сінода, Францішак заклікаў іх, інфармуючы пра Выніковы дакумент, засяродзіцца галоўным чынам на аналізе і не паддавацца рызыцы сканцэнтраванасці на тых ці іншых дысцыплінарных пытаннях, ці на тым, якая “партыя” перамагла, а якая прайграла”, — заўважыў Андрэа Тарніелі ў сваім каментары да кнігі Бэнэдыкта XVI і кардынала Рабэра Сара, прысвечанай каштоўнасці святарскага цэлібату.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку