Біятлонныя баталіі прайшлі сярод верхнядзвінскіх міністрантаў

Натхнёныя барацьбой і перамогамі нашых спартоўцаў на алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі міністранты Верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі вырашылі самі адчуць дух спаборніцтва і радасць перамогі.

Біятлонных трас у ваколіцах Верхнядзвінска, на жаль, няма, але ёсць вельмі файныя горкі каля вёскі Шатрова, у пятнаццаці кіламетрах ад гораду. Менавіта там 18 лютага і разгарнуліся сапраўдныя алімпійскія баталіі страляючых лыжнікаў.

Трапныя стрэлы, хуткі бег па дыстанцыі, бакавы вецер, незакрытыя мішэні, дадатковыя кругі, падтрымка гледачоў – моманты, якія нібыта перанеслі звычайных верхнядзвінскіх хлопцаў на лыжныя трасы Пхёнчхана. І, канешне, толькі пазітыўныя эмоцыі!

Касцёл – гэта не толькі малітва, а пост – гэта не толькі аскеза. Жыццё духоўнае – гэта пастаянная барацьба са сваімі слабасцямі і спакусамі, а таксама змаганне за святасць. Дух барацьбы і трыўмф перамогі – гэта тое, да чаго заклікае нас Уваскрослы Хрыстос. А спорт, якраз і дапамагае чалавеку адчуваць сілу свайго духа: пераадольваць цяжкасці і імкнуцца наперад.

Жадаем поспехаў на алімпіядзе нашым біятланістам, а веруючым хрысціянам — моцы духа на час Вялікага посту!

Міністранты, г. Верхнядзвінск

для друку для друку