Біскупы ЗША: не ўсе метады стварэння вакцыны супраць COVID — 19 этычна прымальныя

Ілюстрацыйнае фота

Ва ўсім свеце працягваюць шукаць вакцыну супраць новага каранавіруса, але не ўсе метады этычна прымальныя. На гэта звярнула ўвагу Канферэнцыя Біскупаў Злучаных Штатаў.

Падставай для занепакоенасці стаў факт заключэння Міністэрствам аховы здароўя краіны кантракту з буйной фармацэўтычнай кампаніяй, якая праводзіць даследаванні вакцыны, вырабленай з выкарыстаннем клетак абарціраваных дзяцей.

Біскупы ЗША звярнуліся да Упраўлення па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў з заклікам забяспечыць захаванне этычных прынцыпаў, каб “ні адзін амерыканец не быў вымушаны выбіраць паміж прышчэпкай супраць патэнцыйна смяротнай хваробы і ўласным сумленнем”.

“Мы пераканана падтрымліваем намаганні па хуткім стварэнні эфектыўнай, бяспечнай і даступнай для ўсіх вакцыны, але з той жа перакананасцю заклікаем федэральны ўрад гарантаваць пры стварэнні гэтай вакцыны захаванне асноўнага і найважнейшага маральнага прынцыпу: чалавечае жыццё святое і не павінна выкарыстоўвацца ні пры якіх абставінах”, — заявілі біскупы.

“На шчасце, — напісалі амерыканскія іерархі, — для стварэння вакцыны супраць COVID — 19 няма ніякай неабходнасці выкарыстоўваць клеткавыя лініі, праблематычныя з этычнага пункту гледжання”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку