Біскупы краін Еўрасаюза: Fratelli tutti – натхняльная энцыкліка

Ілюстрацыйнае фота

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) высока ацаніла новую энцыкліку Папы Францішка «Fratelli tutti». Падкрэсліваецца, што гэта «компас, які можа стаць карысным для палітыкаў».

У дакуменце паказаны “шлях да інтэгральнага чалавечага развіцця” і “крокі, неабходныя для трансфармацыі эканамічнай і палітычнай сістэм праз адкрытасць, дыялог, прыхільнасць, салідарнасць, справядлівасць, клопат пра агульны дом, садзейнічанне агульнаму дабру і падтрымку бедных і адрынутых”.

Пантыфік моцна акцэнтуе канцэпцыю аб’яднанай Еўропы, прадугледжаную бацькамі-заснавальнікамі Еўрасаюза, — заявіў генеральны сакратар COMECE, кс. Мануэль Барыас Прыета. Ён запэўніў, што папскі дакумент стане натхненнем для працы біскупаў у бліжэйшыя гады.

Энцыкліка – гэта “заклік да новага спосабу перажывання міжасобасных адносін – не толькі на паперы, не толькі на словах, але і праз нашу паўсядзённую дзейнасць, у прыватным, грамадскім, прафесійным жыцці, якая выходзіць за рамкі сацыяльных, культурных і рэлігійных падзелаў”, — падкрэсліў святар. Ён адзначыў, Езус першым звярнуў увагу на гэта ў прыпавесці пра Добрага Самараніна, а св. Францішак засведчыў падчас сустрэчы з султанам аль-Малік аль-Камалем у 1219 г.

«Fratelli tutti» (Усе браты) – гэта трэцяя энцыкліка Папы Францішка. Яна прысвечана тэмам братэрства і сацыяльнага сяброўства. Была падпісана 3 кастрычніка 2020 г. у Асізі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку