Біскупы Канады выступаюць за адмаўленне ў каталіцкім пахаванні асобам пасля эўтаназіі

euthanasiaКаталіцкія біскупы заходняй часткі Канады выказаліся за адмаўленне ў каталіцкім пахаванні асобам, якія рашыліся на эўтаназію. Біскупы патлумачылі, што гэта не кара, але прыняцце да свядомасці, што памерлы здзейсніў учынак, які «супярэчыць хрысціянскай веры», паведамляе deon.pl

У гэтым выпадку рэлігійная цырымонія магла б стаць пэўным «заахвочваннем для іншых да таго, каб здзейсніць такое ж зло».

Біскупы шасці дыяцэзій правінцыі Альберта і паўночна-заходніх тэрыторый 14 верасня ў адказ на прыняты ў Канадзе закон аб легалізацыі дапамогі ў самагубстве абнародавалі свой дакумент. Гэтай справай займаецца таксама Канферэнцыя Біскупаў Канады, пасяджэнне якой адбываецца на гэтым тыдні ў Корнуале.

Але сярод біскупаў Канады няма адзінай думкі на гэтую тэму. Напрыклад, арцыбіскуп Аттавы Тэрэнс Прэндэргаст выказаў думку, што асобы, якія просяць аб «дапаможным самазабойстве», не павінны атрымлівасць перад смерцю сакрамантаў, а пасля смерці і каталіцкага пахавання. Тым не менш, іерархі пагаджаюцца з тым, каб кожны выпадак эўтаназіі разглядаўся асобна.

Канадскія біскупы адрозніваюць асобаў, якія просяць аб эўтаназіі, ад тых, хто сам замахнуўся на сваё жыццё з прычыны роспачы або псіхічнай хваробы. Апошнім не адмаўляецца ў каталіцкім пахаванні. Праблема з эўтаназіяй заключаецца перадусім у тым, што яна здзяйсняецца наўмысна.

для друку для друку