Біскуп Юзаф Станеўскі наведаў лідскую парафію ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана

6 студзеня ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (Ліда-Індустрыяльны), дзе ўзначаліў вячэрнюю святую Імшу.

Шматлікая колькасць вернікаў сабралася ў парафіяльнай святыні, каб сустрэцца з Панам і прывітаць жаданага госця.

У сваёй гаміліі біскуп прыгадаў гісторыю трох мудрацоў, якіх традыцыя называе трыма каралямі. Гэта былі вучоныя, багатыя і ўплывовыя людзі. Іх пошукі Караля-месіі, пакланенне і ахвяраванне Яму дароў сведчыць аб тым, што Сын Божы стаў чалавекам, каб збавіць усе народы, а не толькі габрэйскі.

Важна, каб у сваім жыцці мы ўмелі знаходзіць дарогу да Хрыста, як знайшлі яе мудрацы з Усходу. Мы павінны імкнуцца крочыць тым шляхам, які ўказвае нам Збаўца.

Гэта ўрачыстасць стала для многіх вернікаў важным днём іх жыцця: узбагачаныя Божым cловам, узрушаныя прыемнай сустрэчай яны выйшлі з парафіяльнай святыні з цвёрдым намерам ісці далей па жыцці за Зоркай Хрыста.

Марына Габіс

для друку для друку