Біскуп Юзаф Станеўскі: католікі Беларусі моляцца за Беларусь і радуюцца яе незалежнасцю!

budslau_piligrymy27У Будслаў сёлета пешшу прыйшло 2900 пілігрымаў. Такую лічбу агучыў на вячэрняй св. Імшы ў Нацыянальным Санктуарыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Як гаспадар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ён прывітаў усіх вернікаў і духавенства. Сярод біскупаў акрамя самаго мітрапаліта на Імшы прысутнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, нядаўна пасвечаны біскуп Аляксандр Яшэўскі і цэлебранс урачыстага набажэнства біскуп Юзаф Станеўскі з Гродзенскай дыяцэзіі.

Падчас казання біскуп Юзаф параўнаў пілігрымаў да патокаў жывой вады, якія вядуць да крыніцы глыбокай духоўнасці — у Будслаў. Будслаў па словах іерарха з’яўляецца таксама алтаром народа Беларусі. Пастыр наўпрост звярнуўся да прадстаўнікоў улады ўсіх узроўняў і запэўніў, што грамадзяне Беларусі, якія належаць да Каталіцкага Касцёла, штодзень моляцца за Беларусь і радуюцца яе незалежнасцю. Ён таксама заклікаў прысутных клапаціцца аб сваёй веры, звяртаючы ўвагу на малітву. Бо вера чалавека, які не моліцца, з’яўляецца чыстай тэорыяй. Біскуп Юзаф Станеўскі запрасіў пілігрымаў ад імя ўсіх біскупаў прыблізіцца да Нябеснай Матулі і весці з ёй дыялог — спакойны, ціхі і сардэчны.

Будслаўскія ўрачыстасці з’яўляюцца штогадовымі і збіраюць дзесяткі тысяч пілігрымаў. Сёлета чакаецца таксама вялікі наплыў вернікаў да Маці Божай Будслаўскай. Святую Імшу апоўначы будзе цэлебраваць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а галоўнае набажэнства 4 ліпеня ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку