- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў парафіяльную ўрачыстасць у Глыбокім

[1]11 чэрвеня Каталіцкі Касцёл адзначыў урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Вернікі ў Глыбокім, дзе касцёл носіць такі тытул, святкавалі парафіяльны фэст.

Свята распачалося з канцэрта ў межах праекта “Віцебскі арганны шлях”. Перад слухачамі выступілі Віктар Кісцень (арган) і Сяргей Махаў (флейта). 30 хвілін класічнай музыкі падрыхтавалі вернікаў да малітоўнай часткі святкавання – ўрачыстай св. Імшы.

[2]

Упершыню глыбоцкую парафію наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які і ўзначаліў парафіяльны адпуст. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі святары з Глыбокага, а таксама з суседніх парафій.

У гаміліі святар асаблівым чынам звярнуў увагу на таямніцу Святой Тройцы. Знакам крыжа распачынаем кожны дзень, такім чынам узгадваем Імя Айца, Сына і Духа Святога.  Бог – гэта перш за ўсё Любоў. Езус праходзіць Крыжовы шлях і паміраючы на крыжы просіць Айца прабачыць усім, бо не ведаюць што чыняць. Бязмежная і ахвярная любоў Бога да чалавека – гэта таксама адна з таямніц Святой Тройцы.

[3]

“З аднаго боку, мы праяўляем Любоў да Бога праз малітву, праз наведванне святыні і ўдзел у Эўхарыстыі. А з іншага боку — любоў да бліжняга чалавека – гэта тое, што Бог прагне ад кожнага з нас. Любоў можна параўнаць з прыгожай ружай. Каб яе трымаць, то трэба абразаць шыпы, каб не параніцца, але прыгажосць зверху кветкі прыцягвае. Так і любоў. Яе крыўдзяць, але яна здольная прабачыць і быць міласэрнай. Хрыстос — вось прыклад прабачэння і міласэрнай любові”, — падкрэсліў біскуп.

У гаміліі іерарх паразважаў над галоўнай праўдай – любові асоб Святой Тройцы:  “Любоў, якой Бог дзеліцца з намі, але любоў, якая з’яўляецца заданнем для кожнага чалавека. Менавіта прабачэнне, добразычлівасць, чуласць – гэта ўсе тое, што дапамагае нам адкрыць сэрца і душу на дзейнасць Божай Любові і весці нас да збаўлення. У Нябесным Валадарстве цяжка будзе чалавеку, які не мае гэтай Любові”. На заканчэнне гаміліі біскуп Юрый пажадаў вернікам Глыбоччыны, каб дзякуючы сваёй веры і ўчынкам змаглі ўвайсці ў Валадарства і былі шчаслівыя, аглядаючы тварам у твар Бога Айца, Сына і Духа Святога.

[4]

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія на пляцы паміж касцёлам і царквой. Усе святары, сёстры законныя і вернікі пад гукі звона выйшлі з касцёла, каб падзяліцца з жыхарамі Глыбокага сваёй святочнай радасцю.

[5] [6]

Завяршылася працэсія спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем ” і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў пробашчу парафіі кс. Мікалаю Ціхановічу за запрашэнне на ўрачыстасць, святарам і вернікам за супольную малітву. Звярнуў увагу іерарх на прыгожую службу пры алтары міністрантаў, асабліва меншых, а таксама падзякаваў парафіяльным хорам “Ave Maria” і моладзеваму за супольны прыгожы спеў.

[7]

Марына Сінкевіч, тэкст і фота