Біскуп, які служыў у Полацку і Віцебску, узначаліць грэка-каталіцкую епархію ў Чыкага

Папа Францішак прызначыў уладыку Бенедыкта (Алексійчука) Правячым Біскупам епархіі святога Мікалая ў Чыкага (ЗША).

У чацвер, 20 красавіка, у Ватыкане паведамілі пра тое, што Папа Францішак прызначыў дапаможнага біскупа Львоўскай архіепархіі УГКЦ уладыку Бенедыкта (Алексійчука) Правячым Біскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай епархіі св. Мікалая ў Чыкага (ЗША).

Прыгадаем, што Уладыка Бенедыкт, які нарадзіўся 1 студзеня 1968 г. у Ровенскай вобласці, быў прызначаны дапаможным біскупам Львоўскім 3 жніўня 2010 г. У той дзень у Ватыкане было паведамленне пра тое, што Папа Бенедыкт XVI блаславіў рашэнне Сінода Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы пра кананічнае абранне на гэтае служэнне тагачаснага Ігумена Святаўспенскай Унеўскай Лаўры Студыйскага Уставу. Праз месяц, 5 верасня, адбылася яго архіерэйская хіратонія.

Атрымаўшы ў 1992 годзе святарскае пасвячэнне, уладыка Бенедыкт у наступным годзе ўступіў у Святаўспенскую Унеўскую Лаўру Студыйкага ўставу. Пастырскае служэнне здзяйсняў у Быстрыцы на Львоўшчыне, у Полацку і Віцебску (1994-1996) і ў Канадзе.

У 2000 годзе абраны і ў 2005 годзе пераабраны Ігуменам Унеўскай Святаўспенскай Лаўры.

Атрымаў дыплом доктара багаслоўя духоўнасці ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце.

Валодае ўкраінскай, беларускай, рускай, польскай і англійскай мовамі.

Украінская Грэка-Каталіцкая Епархія Святога Мікалая ў Чыкага ўваходзіць у Фільдэльфійскую мітраполію і з’яўляецца яе самай вялікай часткай, уключаючы тэрыторыі паўночных, цэнтральных і заходніх штатаў краіны. Яна была заснавана ў 1961 годзе і паводле дадзеных «Annuario Pontificio 2017», па стане на мінулы год налічвала каля 50 парафій, надаючы духоўную апеку больш 10 тысячам вернікаў. Гэты пасад стаў вакантным 16 жніўня 2016 г. пасля адыходу ў вечнасць чацвёртага біскупа Чыкагскага Уладыкі Рычарда Семінака.

svjazep.org

для друку для друку