Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамант Канфірмацыі вернікам з Новалукомля і Чашнікаў

biskupШтогод 22 ліпеня ў нашай парафіі адзначаецца урачыстасць св. Марыі Магдалены. Але сёлета свята было незвычайным: падчас фэсту  біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамант Канфірмацыі вернікам з Новалукомля і Чашнікаў.

У жыцці кожнага з нас шмат святаў: і духоўных, і дзяржаўных, і асабістых. Пра якое з іх чалавек скажа напрыканцы зямнога шляху: гэта было для мяне найважнейшым? Што будзе вехай, адлікам “да” і “пасля”?

Канешне, Святы Хрост для дзіцяці – адметная падзея. Адказнасць за яго прыняцце звычайна ляжыць на бацьках. Але вось ты ўжо не немаўля, ты сам стаіш перад алтаром, сам свядома ідзеш на гэта. І застаецца толькі зрабіць адзін крок і проста сказаць: так!

Ці проста гэта і наколькі адказна? Я ведаю адну жанчыну, якая некалькі разоў рыхтавалася прыняць Бежмаванне і ў апошні момант не рашалася зрабіць той самы крок да алтара. “Не, я яшчэ не гатова…” – сумна казала яна і толькі на трэці раз здзяйсніла задуманае. А гэта ж ішлі гады! Вядома, што біскуп не можа прыязджаць штогод.

Якую смеласць трэба мець, каб адказаць, як Марыя: “Так, Пане.”? Сёняшні дзень не вымагае ад нас такіх эпахальных ўчынкаў. Але хто можа спланаваць сваю будучыню? Хто можа ўпэўнена сказаць, як адзавецца гэтае “так!” заўтра? Можа гэты адказ і пакліча нас да мужнасці, вернасці і гераізму, як паклікаў ён калісьці вернікаў і святароў з Росіцы?

Сказаць: так – веру, так – выракаюся грахоў. І – так: не здраджу ў хвіліну выпрабаванняў; так: не прамаўчу, калі будуць абражаць маю веру; так: проста не засаромеюся перажагнацца на касцёльныя крыжы ў людным месцы…

І вось мы – 21 чалавек – стаім перад алтаром. Цікава, што ўсе абсалютна рознага ўзросту: падлеткі, моладзь, людзі сярэдняга веку і нават пажылыя. Што робіцца ў душы кожнага? Гэта ведае толькі Пан Бог.

Як зазвычай, касцёл патанае ў кветках. Пры алтары – стылізаваныя языкі полымя з назвамі сямі Божых Дароў. Людзі ўважліва слухаюць казань ксяндза біскупа. Пасля ўдзялення Сакрамэнту Бежмавання прысутныя звяртаюцца са словамі падзякі ўжо да біскупа. Наша паважаная самадзейная паэтка Ганна Пілецкая чытае вялікі верш на польскай мове, прысвечаны гісторыі парафіі. Паэтычнае слова кранае ўсіх, бо вельмі трапна асвячаецца ў вершы важнасць і сакраментальны сэнс пабудовы менавіта ў нашым горадзе касцёла, апякункай якога з’яўляецца св. Марыя Магдалена.

Сакрамант Канфірмацыі адбываецца ў нашай парафіі трэці раз. Прыехалі госці з Латвіі, Польшчы, Расіі. Ну, і канешне ж, нашы бліжэйшыя суседзі з Чашнік.

Цэлебраваў Святую Імшу, як было сказана вышэй, ксёндз біскуп. Ганаровыя госці – святары з Лепеля, Ушач, Оршы, з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі. Прыемна, што на ўрачыстасці прысутнічала намеснік старшыні Г.М.Хацкевич і іншыя прадстаўнікі гарвыканкама.

Усе парафіяне шчыра дзякуюць нашаму пробашчу, кс. Аляксандру, кс.біскупу Віцебскаму, усім святарам за ўрачыстасць, за клопаты, за Слова Божае, якое нібы сонечны промень сагрэла нашы душы і ўмацавала сэрцы ў веры і вернасці.

… Схіліцца да захаду дзень, забудуцца хваляванні, скончыцца свята. Але не скончыцца наш шлях да Пана Бога, да паразумення Яго несканчонай мудрасці і міласэрнасці, да пазнання сэнсу жыцця і свайго прызначэння. Мы ўсе разам крочым па гэтай дарозе: і звычайныя людзі, і святары. І кожным днём, кожным крокам сваім павінны адказваць: так, Пане!

Зося Мацкевіч. Парафія св.Марыі Магдалены. г.Новалукомль.

для друку для друку