Біскуп Віцебскі ў Друі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля

Апошні дзень IV Міжнароднага мастацкага пленэра ў пабернардзінскім кляштары ў Друі, кульмінацыяй якога стала ўрачыстае закрыццё форуму жывапісу, што адбылося падчас святой Імшы і працягнулася вернісажам, стаўся значнай падзеяй не толькі ў жыцці гаспадара пленэра – пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Сяргея Сурыновіча, але і мясцовых католікаў, некаторыя з якіх набылі і нават замовілі творцам са сталіцы краявіды роднага мястэчка.

Госцем і адным з першых гледачоў працаў пленэра стаўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які спачатку высока ацаніў талент зорак айчыннага жывапісу, а пасля звярнуўся да іх у гаміліі з развагамі пра сутнасць мастацтва, прыроду мастацкага пачатку ў чалавеку, тоеснасць творчасці і веры.

“Спачатку было Слова. Спачатку была ідэя. Спачатку была думка. Імкнучыся стацца ўдзельнікам духоўнага, прапусціць праз свой унутраны свет абстрактныя матэрыі і такім чынам іх асягнуць, чалавек узяўся выяўляць навакольны матэрыяльны свет, знаходзячы ў ім дасяганальнасць Стварэння”, – падкрэсліў біскуп Віцебскі, словы якога падчас штогадовых сустрэчаў нязменна знаходзяць глыбокі водгук у мастакоў: як практыкуючых вернікаў, так і тых, хто нячаста патрапляе ў атмасферу літургічнай дзеі.

Са словамі падзякі за дабраслаўленне на далейшую творчасць да кіраўніка Віцебскай дыяцэзіі звярнулася мастак і архітэктар Вераніка Скрабатун, якая ўручыла яму кветкі, а мастачка Вольга Куваева, натхняльнік і суарганізатар Друйскіх пленэраў, – створаны ёй партрэт біскупа.

Згодна ўмовам правядзення пленэраў, кожны з мастакоў пасля вернісажу пакідае адну працу гаспадару, які сам яе і адбірае. Кожнае палатно, якое засталося ў Друі, – сапраўдны шэдэўр, які мае і мастацкае, і матэрыяльнае вымярэнне. “Я пакідаю ў Друі лепшае, – распавядае кс. Сяргей Сурыновіч. – Часам цяжка выбраць нешта адно, напрыклад, у гэтым годзе не без ваганняў выбіраў цудоўны краявід моцнага майстра Аляксандра Даманава. З аднога боку, цікава было б мець у калекцыі выяву тутэйшых габрэйскіх могілак, бо ніхто з мастакоў пакуль не браўся за гэты сюжэт, з іншага боку, – спыніў выбар на працы, у якой творца найбольш пазнавальны, па якой без подпісу прачытваецца ягоны стыль”.

У гэтым годзе ў Друі працавалі 16 майстроў, імёны якіх добра вядомыя аматарам жывапісу: Таццяна Кандраценка, Кацярына Сумарава, Дар’я Сумарава-Копач, Аляксандр Даманаваў, Уладзіслаў Пятручык, Кацярына Говэн, Анастасія Рыбаков. Усе яны пішуць алеем, – умову працы ў агульнай тэхніцы кс. Сяргей Сурыновіч і Вольга Куваева вылучылі як канцэпцыю IV мастацкага пленэру, які традыцыйна стаўся міжнародным: да беларускіх мастакоў далучыліся майстры жывапісу з Расіі і Кітаю.

Ужо сёння мастакі і гаспадар кляштара абмяркоўваюць тэрміны і канцэпцыю пленэру наступнага года. Частка мастакоў плануе абавязкова наведаць Друю праз пэўны час, калі прырода зменіць аблічча мястэчка.

Яшчэ адна пярліна пленэру – удзел фотамастака з Нідэрландаў Ламбэртуса Карнэліса Антоніуса, якія працуе з класічнай фотастужкай. Па вяртанні на радзіму карыфей фота плануе выдасць фотаальбом пра пленэр.

Крыніца.info

Фотаздымкі са старонкі кс. Сяргея Сурыновіча ў facebook

для друку для друку