Біскуп Казімір Велікаселец узначаліў працэсію Божага Цела ў Гомелі

bozajecela gomel1Католікі прайшлі па Гомелю з працэсіяй Божага Цела 29 мая. Узначаліў святочную Імшу і працэсію Божага Цела біскуп Казімір Велікаселец.

Працэсія Божага Цела — гэта ўрачыстае шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах населенага пункта. Працэсія спявае, слухае чытанні з Евангелля і моліцца аб горадзе, аб краіне, аб усім свеце, аб дамах і працоўных месцах, аб тым, каб Бог зберагаў ад голаду і вайны. Па дарозе дзяўчынкі пасыпаюць пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пад выглядам хлеба.

“Мы даем сведчанне прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Калі б у горад прыехаў цар ці кароль — якая была б урачыстасць! Але цяпер па вуліцы ідзе Кароль каралёў — Ісус Хрыстос! Хто можа быць важнейшым за Яго? Ён кіруе не горадам, не дзяржавай, а ўсім светам і асабістым жыццём кожнага. Хай горад бачыць, што ёсць людзі, якія не толькі працуюць або вучацца, але яшчэ і моляцца. Наша жыццё мае паўнату ў нашай веры ў Бога. Шукайце найперш Валадарства Божага, і ўсё астатняе будзе дадзена вам. Калі б усе людзі маліліся, не было б войнаў, рэвалюцый і гэтага мноства страшных злачынстваў. Усё гэта адбываецца там, дзе няма малітвы”, – падкрэсліў біскуп Казімір Велікаселец.

Католікі ўрачыста прайшлі ад храма да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. У шэсці ўдзельнічалі моладзь і дарослыя, бацькі з дзецьмі, пенсіянеры, законніцы. Усяго — паводле ацэнак супрацоўнікаў міліцыі, якія суправаджалі працэсію — каля 250-300 чалавек.

bozaje cela gomel

Іерарх нагадаў, што Хрыстос цялесна ўзышоў на Нябёсы, але і цялесна прысутнічае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, калі мы прымаем Камунію.

“Усемагутны Бог, які стварыў увесь свет і кожнага з людзей, ёсць сярод нас у гэтым табернакулюме. Паглядзіце, які маленькі Бог! У якім маленькім доме знаходзіцца Цар цароў! Якая сціпласць! Які прыклад для нас! І Ён гаворыць нам: прыйдзіце да Мяне ўсе — са сваімі праблемамі ў асабістым жыцці, у здароўі, у працы, і Я дапамагу вам, вырашу вашыя праблемы так, як не зможа вырашыць ні адзін міністр ці прэзідэнт. Гэта не фантазія, не філасофія, гэта рэальнасць”, – дадаў біскуп.

katolik-gomel.by

для друку для друку