Біскуп Казімір Велікаселец адзначыў 35-годдзе святарства ў Чэнстахове

Ён распавёў, як у савецкія гады цудам перавёз з-за мяжы абраз Панны Марыі.

35-ю гадавіну святарскага пасвячэння адзначыў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. З гэтай нагоды ён адслужыў святую Імшу ля іконы Божай Маці Чанстахоўскай у Яснай Гуры — каталіцкім кляштары ў Польшчы.

– Калі я быў маладым святаром, атрымаў ад братоў паўлінаў маленькую ікону Божай Маці і цудоўным чынам перавёз яе праз мяжу СССР. Марыя дапамагла нам у цяжкія камуністычныя часы. Я прыйшоў падзякаваць вам, – цытуе біскупа старонка манастыра.

Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна цяперашняй Брэсцкай вобласці. Служыў у арміі па прызыву, працаваў на будоўлі ў Вільні. Там жа пазнаёміўся з манахамі-дамініканцамі. Тры гады ўлады не давалі яму магчымасці паступіць у Рыжскую семінарыю. У 1981 годзе прыняты ў Рыжскую семінарыю.

Падчас вучобы прынёс свае першыя манаскія шлюбы ў ордэне дамініканцаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі ў 1984 годзе быў пасвечаны ў сан святара і накіраваны ў сваю першую парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі. Пад яго духоўнай апекай знаходзіліся таксама Юшкавічы, Гарадзішча, Сталовічы, Паланэчка, Новая Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы, бо ў той час святароў бракавала і кожны з іх абслугоўваў многія парафіі. Акрамя пастырскага служэння займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам храмаў.

У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча храма Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.

24 чэрвеня 1999 года ў Пінскай катэдры ўзведзены ў сан біскупа. Абрад пасвячэння быў ажыццёўлены кардыналам Казімірам Свёнткам.

Katolik.life

для друку для друку