Біскуп Юзаф Станеўскі: Ці хрысціянін павінен баяцца?

У сваім блогу ў сённяшняй складанай сітуацыі біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да моладзі, піша пра тое, як па-хрысціянску перажыць час выпрабавання — без страху і з малітвай.

Мае дарагія сябры, я зноў звяртаюся да вас са сваім роздумам над цяперашняй гадзінай. Кожны з нас, сочачы за навінамі, успрымае пачутае па-рознаму: хтосьці — спакойна і разважліва, хтосьці — насцярожана і з занепакоенасцю, а хтосьці — абыякава: маўляў, няхай старыя і хваравітыя перажываюць і баяцца…

Народная мудрасць кажа, што страх — кепскі спадарожнік.

Святы Гілярый разважае так: «Страх — гэта перажыванне трывогі, што вынікае з чалавечай слабасці, якая баіцца цярпення, што ёй пагражае, і не жадае яго прыняць».

Такі род страху, на думку святога, узнікае і жыве ў нас ад дакораў сумлення, ад загаду кагосьці больш магутнага, ад нападу мацнейшага, ад хваробы, ад нечаканай сустрэчы з дзікім зверам і ад усялякага зла. Гэтаму страху не трэба вучыцца, бо ён паходзіць з нашай прыроджанай слабасці. Мы таксама не павінны вучыцца таму, чаго нам трэба баяцца, бо гэтыя рэчы самі напаўняюць нас страхам (пар. св. Гілярый, біскуп, «Каментар да Псальмаў»).

Ці хрысціянін павінен баяцца?

Не, мае дарагія, не павінен, бо гэта да нас Езус кіруе сваё заахвочванне: «Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства» (Лк 12, 32).

Аднак крыху далей Езус кажа: «Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе» (Лк 12, 37). Таму падчас малітвы на Аліўнай гары Збаўца з дакорам звяртаецца да вучняў: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе» (Лк 22, 46).

А святы Ян Залатавусны кажа: «Малітва — гэта святло душы, сапраўднае пазнанне Бога <…>, гэта перадусім жаданне, скіраванае да Бога» (пар. св. Ян Залатавусны, біскуп, «Пра малітву. Гамілія 6»).

Чаго сёння чалавек жадае ад Бога, ад жыцця, ад уладаў? Чаго я чакаю і на што спадзяюся? Ці я выступаю спадарожнікам Хрыста, ці толькі назіральнікам за цяперашняй гадзінай?..

Любая моладзь, я да вас звяртаюся з просьбай аб малітве. Аб малітве не толькі ў лучнасці з Папам, біскупам або душпастырамі.

Прашу аб малітве не ў акрэсленыя гадзіны, але аб малітве, якая няспынна працягваецца ўдзень і ўначы.

Разумею, што вам сумна з-за таго, што шмат дзе моладзевыя сустрэчы адменены, бо такая рэальнасць цяперашняй гадзіны, але яна міне. Святы Апостал Павел падбадзёрваў рымлянаў у цяжкую хвіліну: «Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?» (Рым 8, 31–32). І далей пытаецца: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці нябяспека, ці меч?» (Рым 8, 35).

Любыя мае юнакі і дзяўчаты, малітва, поўная даверу, вызваляе ад страху і спакусы.

Таму знакаміты хрысціянскі пісьменнік Тэртуліян робіць адважную выснову: «Толькі малітва здольная перамагчы Бога» (пар. Тэртуліян, прэзбітэр, Трактат «Пра малітву»).

І яшчэ некалькі словаў аб «прароцтвах» на цяперашнюю гадзіну: афіцыйных і прыватных. Іх шмат, нават занадта шмат можна знайсці ў сеціве.

Памятаю, як падчас вучобы ў семінарыі ксёндз прафесар Люцыян Вайцяхоўскі прасіў нас на лекцыях па Святым Пісанні: «Хлопцы, не чытайце добрых кніжак. Чытайце найлепшыя, бо на добрыя вам не хопіць жыцця».

Хтосьці таксама сказаў, што ўсе кнігі, якія напісаў чалавек, — гэта толькі больш ці менш удалая спроба інтэрпрэтацыі Божага Слова, Святога Пісання. А ў ім, у трэцім раздзеле Апакаліпсісу святога Яна, Езус кажа: «Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною. Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам» (Ап 3, 19–22).

З малітвай за вас, ваш брат Юзаф.

Catholic.by

для друку для друку