- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе

[1]4 красавіка свой залаты юбілей адзначыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

50 гадоў таму, у вечар Вялікай пятніцы, у сям’і Рамуальда і Гелены Станеўскіх прыйшло ў свет чацвёртае дзіця. Падчас святога хросту, які адбыўся 13 мая 1969 года ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах, хлопчык атрымаў імя вялікага апекуна – св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Менавіта ў сваёй роднай мясцовасці недалёка ад Гродна будучы іерарх адкрываў тую вялікую місію, якую яму падрыхтаваў Хрыстус Пан, і дарастаў да яе. Сямейны дом і атмасфера, якая была ў ім створана дзякуючы клапатлівым і высакародным бацькам, як адзначаў ён у дзень сваёй біскупскай сакры (1 лютага 2014 года), сталі першай семінарыяй, а тое, што ён тады зразумеў і чаму навучыўся, стала чалавечым фундаментам яго пазнейшага святарскага, а цяпер і біскупскага жыцця.

Юбілей – гэта цудоўная нагода для самога іерарха, каб паглядзець на сваю ролю ў справе збаўлення, на свае дасягненні, здзейсненыя да гэтага часу, служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне як пастыр і ў Беларусі як Генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў і адказны за душпастырства моладзі, а таксама каб зірнуць у будучыню.

Для нас усіх – духоўных асобаў і вернікаў – гэта добрая нагода падзякаваць Богу за дар асобы біскупа Юзафа для нашага Касцёла. Таксама гэта заахвочванне да больш частай і больш руплівай малітвы ў інтэнцыі шаноўнага юбіляра.

Як прыгожа бачыць людзей, якія могуць уступаць у гэты сталы перыяд свайго жыцця, дадзены Панам, з усмешкай, радасцю і са сцвярджэннем, што варта было слухаць Хрыста, у Касцёле рэалізаваць свае задачы, знайсці сваё месца і быць радасцю таксама гэтага свету. Біскуп Юзаф заўсёды з надзеяй, аптымізмам і ўсмешкай на твары крочыць праз жыццё!

Паводле grodnensis.by [2]

Рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” таксама віншуе юбіляра і жадае біскупу Юзафу моцы ў яго служэнні і сапраўднай хрысціянскай радасці. Хай святы Юзаф і надалей дапамагае ў яго жыцці!