Біскуп Юрый Касабуцкі ў спецыяльным інтэрв’ю Catholic.by: Факты гавораць, што адбываецца пераслед Касцёла

1 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі даў спецыяльнае інтэрв’ю Catholic.by, у якім выказаў ацэнку сённяшняй няпростай сітуацыі Касцёла ў Беларусі.

— Ваша Эксцэленцыя, з-за вымушанай адсутнасці арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча цяпер Вы як Генеральны вікарый ажыццяўляеце пастырскае кіраванне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Што здарылася?

— Сітуацыя складаная і незразумелая. На гэты момант па-ранейшаму няма ніякіх афіцыйных тлумачэнняў ад прадстаўнікоў улады. Арцыбіскуп звярнуўся непасрэдна да старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Анатоля Лапо, але адказу на пытанне, чаму пагранічнікі не дазволілі яму вярнуцца на Радзіму, ад яго не атрымаў.

З Беластока, дзе арцыпастыр цяпер вымушана знаходзіцца, ён скіраваў да паствы нашага Касцёла зварот, у якім заклікае нас маліцца аб вырашэнні гэтай прыкрай сітуацыі і ўсяго грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне. Наш Мітрапаліт не хоча, каб тое, што яму не дазволілі вярнуцца на радзіму, яшчэ больш пагоршыла і без таго няпростую сітуацыю ў грамадстве.

Але пакуль арцыбіскуп не можа вярнуцца, наша архідыяцэзія застаецца без пастыра, а каталіцкі епіскапат Беларусі — без свайго кіраўніка.

Таму нам трэба быць асабліва салідарнымі і аб’яднанымі ў гэты няпросты час, а Бог нас не пакіне.

— Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў у Баранавічах, што арцыбіскуп Кандрусевіч нібыта «ўлез у палітыку», выязджаў у Варшаву для нейкіх «кансультацый» і атрымаў там «пэўныя задачы», а таксама, што правяраецца наяўнасць у яго не аднаго грамадзянства? Як Вы можаце гэта пракаментаваць?

— Усе заявы арцыбіскупа Кандрусевіча знаходзяцца ў адкрытым доступе, кожны іх можа прачытаць і рабіць высновы самастойна. Прадстаўнікі Касцёла, перадусім біскупы, маюць права і абавязак не быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў грамадстве, асабліва ў такой сітуацыі, якая сёння склалася ў нашай краіне. Гэта ўжо не палітыка, гэта — сапраўдны гуманітарны крызіс, які пагражае стаць катастрофай, калі нічога не рабіць.

Пра якую палітыку гаворка? Наш Мітрапаліт не падтрымліваў нікога з кандыдатаў да выбараў і пасля іх, не рабіў ніякіх палітычных заяў, а толькі заклікаў да сумленнасці, адказнага падыходу, спынення насілля і дыялогу.

Усе яго дзеянні і выказванні знаходзяцца ў межах сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла і дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Гэта перадусім маральныя аспекты грамадскага жыцця, хрысціянскія і агульначалавечыя каштоўнасці, адыход ад якіх становіцца прычынай крызісаў у грамадстве.

Мне здаецца, Аляксандра Лукашэнку недастаткова добра інфармавалі. Зрэшты, ён і сам прызнаў, што не мае поўнай інфармацыі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч можа выязджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад Папы Францішка, але не ад кагосьці іншага, напрыклад, у Варшаве, у Маскве ці дзесьці яшчэ.

Яго паездка ў Польшчу была звязана перадусім з тым, што арцыбіскупа запрасілі ўзяць там удзел у шэрагу ўрачыстых набажэнстваў. Гэта — звычайная ў Касцёле практыка. Да гэтага ў жніўні наш Мітрапаліт узначальваў урачыстыя набажэнствы ў Валкалаце (Віцебская вобласць), у Мінску, у Браславе (Віцебская вобласць), у Гродне, адкуль выехаў у Польшчу. У бліжэйшую нядзелю ён планаваў маліцца разам з вернікамі ў Заслаўі, якія ўрачыста адзначаюць 600-годдзе існавання сваёй парафіі. І мы спадзяемся, што да гэтага часу ён вернецца на радзіму, каб быць разам з намі і маліцца аб міры і згодзе ў Беларусі.

Ніякіх перашкод для гэтага быць не павінна.

У арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае, і згодна з законам яго права на ўезд не можа быць ніякім чынам абмежавана.

Беларускія грамадзяне па закону не могуць трапіць у «спіс неўязных», таму тут яўнае непаразуменне.

— Ці можна меркаваць, з-за чаго склалася такая ненармальная сітуацыя з Касцёлам у Беларусі?

— Сітуацыя сапраўды ненармальная. Відавочна, што на Касцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца пераслед Касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не кажа. Зрэшты, і ў савецкія часы змагання з верай і Касцёлам ніхто адкрыта не казаў пра пераслед, хоць ён быў вельмі жорсткім. Пра тое, што сітуацыя цяпер падобная, гавораць факты.

Па-першае, наш арцыбіскуп не можа ўехаць у краіну, хоць гэта незаконна і парушае яго правы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Па-другое, 31 жніўня ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі адбылося пасяджэнне Кансультацыйнай міжканфесійнай рады, у склад якой уваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў праваслаўнай, рыма-каталіцкай, юдэйскай, мусульманскай, стараабрадскай і пратэстанцкай канфесій і рэлігійных кірункаў. Нягледзячы на тое, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі з’яўляецца другой па колькасці вернікаў традыцыйнай канфесіяй, яго прадстаўнік не быў запрошаны на пасяджэнне кансультацыйнай рады, пра якое мы нават не ведалі.

Пасля пасяджэння з намі звязаліся прадстаўнікі іншых канфесій і падзяліліся, што на ім нас, беларускіх католікаў, літаральна «палівалі брудам».

Відаць, прадстаўніка Касцёла не запрасілі таму, што мы заўсёды маем, што адказаць на неабгрунтаваныя прэтэнзіі.

Па-трэцяе, як спробы аказання ціску на нашу канфесію можна расцэньваць і незразумелыя дзеянні з боку розных дзяржаўных структур у адносінах да адной з самых вялікіх каталіцкіх парафій Мінска — касцёла святога Сымона і святой Алены, Чырвонага касцёла.

— Як вы, Ваша Эксцэленцыя, расцэньваеце тое, што адбывалася і адбываецца ў Чырвоным касцёле?

— Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўжо больш за месяц таму выступіла з заявай па справе Чырвонага касцёла адносна запазычанасці, якая ўзнікла раптам, можна сказаць, «з паветра». Былі налічаны велізарныя сумы, якія парафія павінна аплаціць, хоць гэта выглядае даволі несправядліва і непрыгожа.

У сувязі з нядаўнім інцыдэнтам у Чырвоным касцёле, калі прадстаўнікі сілавых структур заблакавалі ў ім усе ўваходы, я заявіў рашучы пратэст.

Зразумела, што падобныя дзеянні абсалютна недапушчальныя і мы ніколі не пагодзімся з парушэннем права людзей на свабоду веравызнання.

— Якім чынам можна паспрыяць вырашэнню гэтай складанай сітуацыі?

— Перадусім малітвай. Я заклікаў да асаблівай малітвы святароў і ўсіх вернікаў нашай архідыяцэзіі, каб гэтая сітуацыя як найхутчэй вырашылася. Мяне парадавала, што мой зварот імгненна знайшоў водгук, прычым не толькі сярод католікаў.

Я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія сабраліся ўчора на малітву, на святую Імшу ў нашых касцёлах, а таксама ўсім тым, хто нас падтрымаў.

Вось, напрыклад, група праваслаўных жанчын прыйшла ўчора ў нашу катэдру, каб разам з намі маліцца аб міры і згодзе, аб як мага хутчэйшым вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча на Радзіму. Дзякуй ім за гэта!

Я лічу, гэта важна, што цяжкасці нас не падзяляюць, а аб’ядноўваюць. Разам мы іх хутчэй пераадолеем. Таму яшчэ раз заахвочваю ўсіх вернікаў да трывалай малітвы і салідарнасці ў кожнай жыццёвай сітуацыі.

Размаўляў Мікола Гракаў, Catholic.by

для друку для друку