Біскуп Яшэўскі: заклік Папы Францішка да ўладаў асабліва актуальны для Беларусі

13 верасня падчас традыцыйнай нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Папа Францішак звярнуў увагу на з’яву грамадскіх пратэстаў, што назіраецца ў многіх частках свету, і заклікаў дзяржаўныя ўлады забяспечыць поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што «шматлікія народныя дэманстрацыі пратэсту выражаюць нарастаючы неспакой грамадзянскай супольнасці ва ўмовах асабліва крытычных палітычных і сацыяльных сітуацый».

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў дэманстрантаў «мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту», а дзяржаўныя ўлады — «прыслухацца да голасу сваіх суграмадзянаў і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод».

Пантыфік запрасіў касцёльную супольнасць краін, дзе адбываюцца пратэсты, пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў заўсёды працаваць на карысць дыялогу, прымірэння і прабачэння.

«Менавіта такі падыход да вырашэння складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі прапаноўваў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з 31 жніўня не мае магчымасці вярнуцца на Радзіму»,— зазначыў, каментуючы словы Пантыфіка, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх дадаў, што, хоць Папа Францішак не назваў канкрэтных краін, але сказанае ім можна ў поўнай меры аднесці да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, дзе ўжо больш за месяц не спыняюцца мірныя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч удзельнікаў па ўсёй краіне.

catholic.by

для друку для друку