Біскуп Яшэўскі тлумачыць правілы правядзення канцэртаў у касцёлах

29 красавіка ў Гродне падчас Трэцяй агульнабеларускай сустрэчы моладзі адбылося 70-е надзвычайнае пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім было разгледжана пытанне адносна правядзення канцэртаў у касцёлах на Беларусі.

Рашэннем ККББ пастаноўлена, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі, праводзячы ў святынях канцэрты сакральнай, рэлігійнай і духоўнай музыкі, павінен карыстацца Інструкцыяй Кангрэгацыі Божага культу Прат. № 1251/87 ад 5 лістапада 1987 г. “Пра канцэрты ў касцёлах”.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB як адказны ад ККББ за арганізацыю перакладу Інструкцыі і азнаямленне з ёю духавенства, вернікаў і ўсіх зацікаўленых заўважае, што “Інструкцыя, якая на сённяшні дзень з’яўляецца актуальнай дырэктывай Апостальскай Сталіцы ў гэтай галіне, прадстаўляе канкрэтныя прадпісанні, што не страцілі сваёй актуальнасці ў наш час, у нашай беларускай рэчаіснасці і з’яўляюцца вельмі прыдатнымі.

Папулярнасць канцэртаў, якія праводзяцца ў нашых касцёлах, выклікае ў духавенства і вернікаў шматлікія пытанні, на якія неабходна даць адказ, каб праз правядзенне канцэртаў не згубіць значэнне і мэту касцёлаў, якія з’яўляюцца не “проста “публічнымі» месцамі для любых сустрэч”, а сакральнымі месцамі Божага культу, а таксама каб пазбегнуць злоўжыванняў у гэтай галіне”.

Асаблівай увагі ў згаданай Інструкцыі заслугоўвае ІІІ раздзел, дзе прадстаўлены практычныя ўказанні, якія “павінны дапамагчы біскупам і рэктарам касцёлаў у іх пастырскай адказнасці за захаванне сакральнага характару іх касцёлаў, прызначаных для святых цэлебрацый, малітвы і цішыні”.

Для захавання святасці касцёлаў пры дазволе на правядзенне канцэртаў неабходна выконваць наступныя ўмовы, якія мясцовы ардынарый можа ўдакладніць:

  • просьбы ардынарыю павінны прадстаўляцца пісьмова і загадзя, з указаннем даты і гадзіны канцэрта, яго праграмы, у якую ўключаюцца назвы твораў і імёны іх аўтараў;
  • пасля атрымання дазволу ардынарыя пробашчы і рэктары касцёлаў павінны абмеркаваць з хорам і аркестрам патрэбу захавання неабходных нормаў;
  • уваход у касцёл павінен быць бясплатны і свабодны для ўсіх;
  • адзенне і паводзіны выканаўцаў і слухачоў павінны адпавядаць сакральнаму характару касцёла;
  • музыканты і спевакі не павінны знаходзіцца ў прэзбітэрыі; алтару, крэслу святара і амбоне павінна аказвацца максімальная пашана;
  • Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен па магчымасці захоўвацца ў бакавой капліцы або ў іншым бяспечным і годным месцы (пар. ККП, кан. 938, § 4);
  • канцэрт павінен распачынацца і па магчымасці суправаджацца не толькі мастацкімі і гістарычнымі звесткамі, але і інфармацыяй, якая паспрыяе больш глыбокаму разуменню і духоўнаму ўдзелу з боку слухачоў;
  • арганізатар канцэрта павінен пісьмова пацвердзіць, што ён бярэ на сябе юрыдычную адказнасць, выдаткі, упарадкаванне касцёла і кампенсацыю магчымай шкоды.

“Ад імя ККББ заахвочваю духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў і ўсіх зацікаўленых да пільнага вывучэння Інструкцыі Кангрэгацыі Божага культу “Пра канцэрты ў касцёлах” і да яе практычнага выкарыстання пры арганізацыі канцэртаў ва ўсіх касцёлах Беларусі,” — падкрэслівае біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Catholic.by

для друку для друку