Біскуп Буткевіч: атэістычная сістэма падрубіла аснову маральна-этычнага жыцця грамадства

MINOLTA DIGITAL CAMERAЦікавасць хрысціянскай грамадскаці да асобы прызначанага год таму біскупа Віцебскага Алега Буткевіча вытлумачальная. Малады біскуп, які грае на гітары, з сімпатыяй ставіцца да вышыванак і карыстаецца толькі беларускай мовай, – з’ява, якая сапраўды правакуе інтарэс.

Менавіта як з іерархам, на плячах якога – адказнасць за лёс каталіцкасці вялікай дыяцэзіі, якая ўяўляе з сябе вельмі неаднастайныя абшары як у ментальным, так і ў эканамічным ракурсах, пагутарыў з Яго Эксцэленцыяй карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.

— Ваша Эксцэленцыя, вы ўжо год як архіпастыр Віцебскай дыяцэзіі. Шмат чаго было зроблена за гэты час. А якое выпрабаванне з Вашага біскупскага служэння сталася для Вас найбольшым?

— Складанасцяў было шмат. Шмат каштавала пакінуць парафію, служэнню ў якой было прысвечана больш за дзесяць гадоў, і пераставіць сябе на іншыя “рэйкі”. Знайсці сябе ў новай ролі – ужо не проста духоўнай асобы, а той, якую акрэсліваюць як “герарх”. І, трэба прызнацца, гэты працэс яшчэ не скончаны. Найбольш цяжкай справай, усё ж-такі, застаецца адчуванне адказнасці за лёс як асобнага чалавека, так і ўсёй супольнасці Касцёла.

— Віцебская дыяцэзія даволі неаднародная. Ёсць усходнія раёны, якія найбольш пацярпелі за савецкім часам, ёсць заходнія, дзе атэістычная машына пакінула не такія глубокія сляды. Ці адчуваецца сёння розніца ў рэлігійным плане паміж захадам і ўсходам вобласці?

— На жаль, за такі адносна вялікі перыяд часу, – амаль тры пакаленні, – атэістычная сістэма паспела нанесці значную шкоду, “падрубіўшы” аснову маральна-этычнага жыцця нашага грамадства, якой была і застаецца вера, прычым вера ў яе рэлігійным вымярэнні. Сапраўды, памеры гэтага знішчэння па усёй краіне не былі аднолькавымі.MINOLTA DIGITAL CAMERA

Зразумела, што і вяртанне да духоўных каранёў лягчэй і хутчэй адбываецца там, дзе шкоды было нанесена менш. І калі, усё ж-такі, гутарка ідзе пра адрозненні, трэба яшчэ раз падкрэсліць, – там, дзе рэлігійнае жыццё вяртаецца ва ўласцівае рэчышча, нармалізуецца таксама і грамадскае жыццё, і міжчалавечыя адносіны. Хацелася б, каб мы, нарэшце, засвоілі гэтае немудрагелістае правіла: што з гэтых двух складнікаў з’яўляецца прычынай, а што – наступствам.

— На нядаўняй прэсавай канферэнцыі Вы казалі, што будаўніцтва храмаў у Віцебскай дыяцэзіі, па сутнасці, скончанае. Але ці ёсць перспектывы таго, што ўвага Касцёла на Віцебшчыне будзе звернутая на разбураны касцёл святой Веранікі ў Селішчы, на іншыя храмы, капліцы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане і хутка знікнуць.

Зразумела, што сам па сабе Касцёл не можа матэрыяльна падтрымаць іх уратаванне, але ці магчымае вырашэнне пытанняў такога кшталту праз зварот да дзяржавы, як гэта робіць Праваслаўная Царква?

— Хтосьці некалі трапна заўважыў, што рамонт нельга скончыць, яго можна толькі спыніць. У нейкай ступені гэта адносіцца і да будаўніцтва.

На сённяшні дзень у нашай дыяцэзіі ў большасці парафіяльных супольнасцяў пытанне з месцам для малітвы вырашанае, – пераважна дзякуючы ініцыятыве і намаганням майго папярэдніка, біскупа Уладзіслава Бліна. Аднак яшчэ ёсць касцёлы, будаўніцтва якіх не завершанае, і ёсць парафіі, якія яшчэ патрабуюць сваёй святыні.

Што датычыць тых святыняў, якія калісьці сваёй архітэктурай маглі ўпрыгожыць любы еўрапейскі горад, а сёння нагадваюць сваім выглядам пра нядаўні пераслед атэістычным рэжымам, рэшткамі сваёй прыгажосці выклікаюць толькі нясцерпны боль сэрца, – яны, на жаль, пакуль вымушаныя чакаць на сваё адраджэнне.

Зазначу – пакуль. Гэта, напрыклад, узгаданы вамі касцёл у вёсцы Селішча ва Ўшацкім раёне, а таксама каталіцкія храмы ў вёсках Смаляны на Аршаншчыне, Губіна на Лепельшчыне, касцёл святога Антонія ў Віцебску. Адбудова апошняга застаецца маёй асаблівай марай. Адначасова заняцца пытаннем іх адбудовы сёння Касцёл не мае магчымасці.

І справа не толькі ў фінансах, хоць сродкі тут былі б патрэбныя каласальныя. Справа ў тым, што галоўны прыярытэт дзейнасці Касцёла – душпастырства. Адбудова святыняў – гэта справа, якая таксама павінная быць падпарадкаваная асноўнай мэце: збаўленню душы чалавека праз спаўненне сваёй асноўнай функцыі – быць месцам культа. Калі ж храм застаецца толькі помнікам архітэктуры – ён пачынае спаўняць толькі эстэтычную альбо культурную функцыю, што, пэўна, таксама мае значэнне. І тут, сапраўды, падтрымка дзяржавы магла б адыграць сваю ролю.

Наколькі гэтая дапамога была б магчымай, трэба ставіць пытанне асобна ў кожным канкрэтным выпадку. Зацікаўленасць у гэтым пытанні з нашага боку існуе і, трэба адзначыць, што да гэтага часу мы маем ўжо шмат станоўчых прыкладаў, калі Касцёл сваімі сіламі здзейсніў рэстаўрацыю знішчаных амаль цалкам храмаў. Напрыклад: Друя, Верхнядзвінск, Ула пад Бешанковічамі, Ушачы. Сёння рэстаўрацыйныя працы вядуцца ў Дзісенскім касцёле ў Мёрскім раёне.

— Часам даводзіцца чуць нараканні на некаторых святароў з прычыны іх грэблівага ці абыякавага стаўлення да беларускай мовы, не заўсёды маральных паводзінаў. Усё гэта спрычыняецца да таго, што некаторыя вернікі адыходзяць ад Касцёла, ад веры. Чаму так адбываецца. Ці існуе магчымасць замены такіх святароў?MINOLTA DIGITAL CAMERA

— Калі казаць пра карыстанне беларускай мовай каталіцкімі святарамі ў нашай дыяцэзіі, асабіста мне нараканняў з боку вернікаў чуць не даводзілася. Зразумела, што святару, які прыехаў працаваць у нашу краіну з замежжа, патрэбны час, каб дастаткова добра авалодаць беларускай мовай. І тут я згодны, што не ва ўсіх гэта аднолькава добра атрымліваецца, аднак пагарды да мовы ці культуры з боку святара пакуль не спаткаў.

Больш таго, магу сцвердзіць, што ўзровень валодання і карыстання беларускай мовай сярод замежных святароў часам вышэйшы, чым у карэнных беларусоў. Калісьці самому стала сорамна, калі пачуў ,як прыгожа размаўляе па-беларуску святар з Польшчы. Таму я не ўпэўнены, што ў нашай дыяцэзіі пытанне мовы магло б стаць для кагосьці прычынай адыходу ад Касцёла.

Што датычыць маральнага жыцця святароў, па-першае тут заўсёды трэба памятаць пра прынцып “ложкі дзёгця ў бочцы мёда”. Бо адзінкавыя і сапраўды выключныя сітуацыі часта ствараюць памылковае перакананне ў іх усеагульнасці.

Чамусьці той факт, што святар аддана і ахвярна працуе на Божай ніве (што здараецца ў выключнай большасці выпадкаў), не мае такой моцы пераканання ў тым, што так ёсць заўсёды, як яго антыпод. Дастаткова таму ці іншаму святару “паслізнуцца”, ярлык “амаральшчыны” аўтаматычна чапляецца на ўсіх. Гэта несправядліва! І добрых святароў, якіх, паўтаруся, большасць, трэба заўважаць, і ў першую чаргу казаць аб іх.

Па-другое, канешне, кожны такі адмоўны факт, калі толькі гэта праўда, прыносіць боль і цярпенне для ўсёй супольнасці вернікаў і можа стаць прычынай адыходу кагосьці ад Касцёла. На гэты выпадак існуе акрэслены Кодэксам Кананічнага Права парадак рэагавання на тую ці іншую адмоўную сітуацыю. Таксама існуюць і акрэсленыя санкцыі ў дачыненні правапарушальніка.

Пытанне ж, чаму так адбываецца, досыць складанае. Ласка паклікання да святарства не даецца анёлам з неба сапсаванаму грахом чалавеку. Якім чынам адбываецца супрацоўніцтва гэтай ласкі ў душы чалавека з яго воляй – гэта заўсёды таямніца для тых, хто звонку.

Напэўна, можна сцвердзіць, што адным з важных элементаў гэтага супрацоўніцтва ёсць барацьба дабра са злом. І тут, як у кожным змаганні, ёсць пераможцы і ёсць праігралыя. Толькі ў выпадку святара яго перамога ці параза – гэта перамога ці параза і тых людзей, служыць якім ён пастаўлены. Таму так неабходная малітва за святароў, каб, перамагаючы ў духоўнай барацьбе, яны рабілі пераможцамі тых, каму служаць.

— Наколькі мэтазгодна сёння, на Ваш погляд, існаванне ўласнага святара ў маленькіх парафіях, якія не могуць забяспечыць жыццядзейнасць святыні і святара? Маленькія вёскі кшталту, напрыклад, Ідолты, маюць мала вернікаў, у той жа час пазбаўленне такіх месцаў душпастырства можа цалкам знішчыць практыкі веравызнання ў такіх парафіях. Ці існуюць, на Ваш погляд, перспектывы ў такіх парафій?

— Ісус Хрыстос калісьці казаў, што дзе будзе Ён, там будзе і Ягоны слуга. Паколькі Ён абяцаў застацца з тымі, хто Яго шукае, назаўсёды, – мэтазгоднасць прысутнасці святара сярод вернікаў не абмяркоўваецца. Іншае пытанне – як арганізаваць гэтую прысутнасць. Зрабіць яе сталай ці “з даезду”.

Для некаторых парафіяў гэтае пытанне застаецца яшчэ адкрытым. А іх перспектыва – гэта справа агульных, наяўных у нашым грамадстве дэмаграфічна-урбанізацыйных працэсаў, не пазбаўленых, усё ж-такі, кіраўніцтва Божай прадбачнасцю.MINOLTA DIGITAL CAMERA

— Адным з самых цікавых месцаў Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца Друя – месца паломніцтва сталічнай творчай інтэлігенцыі. Ці плануецца падтрымліваць гэты інтарэс да Друі правядзеннем там моладзевых мерапрыемстваў, летнікаў, пілігрымак?

— Друя сапраўды з’яўляецца ўнікальным кутком не толькі Віцебшчыны, але ўсёй нашай краіны. Збудаваная на вусці Дзвіны і Друйкі дзесьці перад чатырнаццатым стагоддзем, лежучы на шляху з варагаў ў грэкі, спазнаўшы на сабе узлёты і падзені грамадска-палітычнага, а таксама духоўна-рэлігійнага жыцця, атрымаўшы ў свой час Магдэбурскае права і спачываючы сёння ў незаўважальнай закінутасці вясковага быту, і, тым не менш, не губляючы канчаткова шляхетнай годнасці былой славы, яна не можа не вабіць да сябе шматлікіх гасцей, пераважна неабыякавых да роднай гісторыі і культуры.

Касцёл не можа і не стаіць у баку ад зацікаўленасці, якая большае да славутага ў свой час мястэчка, неад»емнай часткай гісторыі якога, зрэшты, з’яўляецца. І таму, па меры свай магчымасці, Касцёл імкнецца спрыяць і спрыяе гэтай зацікаўленасці, сведчаннем чаму ёсць натхнёная праца пробашча парафіі, ксяндза Сяргея Сурыновіча, і супольнасці Сясцёр Эўхарыстак.

Шматлікія моладзевыя спатканні, летнікі для дзяцей, тэматычныя сустрэчы – гэта сталая праграма працы Друйскага Касцёла, які, як-ніяк, некалі стаў калыскаю адраджэння кангрэгацыі Айцоў Мар’янаў і нараджэння кангрэгацыі Сясцёр Эўхарыстак. Становішча, як кажуць, забавязвае…

— Падчас нядаўняй прэсавай канферэнцыі Вы сказалі, што вышыванкі – гэта добрая рэч, якая дапамагае ўмацаванню самасвядомасці. Ці ёсць у Вас самога вышыванка? Ці маглі б Вы падаць прыклад вернікам па яе выкарыстанні?

— Як можна выкарыстаць блакітнае неба, васільковы вянок ці рамонкавы луг? Вышыванка – гэта таксама штосьці, што радуе вока і сагравае сэрца. Якім чынам?  Вось сэрца няхай кожнаму і падкажа!

для друку для друку