Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: “Хацелася б пачуць ад спадарыні Алексіевіч канкрэтныя факты”

jaszeuskiНобелеўскі лаўрэат па літаратуры спадарыня Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў Брукліне заявіла, што падчас ІІ Сусветнай вайны ксяндзы ў Польшчы наўпрост на службах казалі: “Забі яўрэя!” І што палякі горш за ўсіх ставіліся да яўрэяў.

“Каталіцкі Веснік” звярнуўся па каментарый да дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, які паходзіць з Гродзеншчыны, дзе традыцыйна пражывае вялікая колькасць палякаў і святароў з польскімі каранямі.

“Я асабіста хоць не з’яўляюся гісторыкам, але вельмі здзіўлены такімі выказваннямі спадарыні Алексіевіч”, – сказаў біскуп. – За сваё 15-гадовае служэнне святаром у парафіях Баруны, Жодзішкі, Жупраны і Смаргонь я ніколі не чуў ад людзей старэйшага пакалення (а меў магчымасць размаўляць з імі часта), што святары заклікалі забіваць яўрэяў. Паўтаруся: ніколі такога не чуў! Наадварот, ведаю цудоўны прыклад ахвярнага служэння ксяндза Запасніка з Жодзішак, які ратаваў ахвяраў спачатку ад саветаў, а потым ад немцаў, рызыкуючы сваім жыццём. Беручы гэта пад увагу, я спадзяюся, што спадарыня Алексіевіч мае моцныя аргументы, якія можа прадставіць грамадству і нам, каго гэта выказванне закранула, і назваць канкрэтныя імёны і прозвішчы. Каб сцвярджаць такое, неабходна мець дакладнае абгрунтаванне, і я вельмі яго ад спадарыні Алексіевіч чакаю. У іншым выпадку трэба абвергнуць сваё выказванне”.

Кс. Віктар Місевіч

для друку для друку