Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB асвяціў фігуру Маці Божай у Мёрах

4 кастрычніка на Набярэжнай з дапамогай спецтэхнікі ўстаноўлена фігура Маці Божай. Асвячэнне помніка на новым месцы адбылося ў нядзелю, 12 лістапада, паведамляе mijory.by. Правёў абрад дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Мерапрыемства прыпала на дзень успамінаў святога Язафата Кунцэвіча.

Іерарх упершыню наведаў Мёры і ўразіўся яго прыгажосцю. У слове да вернікаў біскуп Аляксандр прыгадаў сюжэт з Бібліі пра Цуд у Кане Галілейскай, калі Езус упершыню аб’явіў сваю моц праз пераўтварэнне вады ў віно. Тады Яго Маці Марыя звярнулася да людзей: «Што Ён скажа вам, тое зрабіце». Тым самым яна выступала асноўным натхняльнікам і пасрэднікам паміж Богам і людзьмі. Яе вобраз ушаноўваецца вернікамі розных канфесій. Біскуп адзначыў, што ўстанаўленне помніка Маці Божай на беразе возера — сімвал для горада і нагадвае, да каго ў цяжкія хвіліны трэба звяртацца. Ксёндз-пробашч Крыштаф Мянкіна адзначыў, што даўнія планы ажыццявіліся дзякуючы дапамозе раённай улады. Віншаваў вернікаў са знакавай падзеяй старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Ён заўважыў, што помнік на Набярэжнай упрыгожыў увесь горад.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мясцовыя і іншагароднія вернікі, святары з бліжэйшых парафій з’ехаліся, каб памаліцца ў мёрскай святыні, дзе захоўваюцца рэліквіі Язафата Кунцэвіча.

Постаць святога ўзнікла ў гісторыі якраз тады, калі хрысціянства перажывала крызіс. Служыў ён біскупам спачатку ў Полацку, пазней у Віцебску. Выступаў за адзінства царквы. Замах на яго жыццё зроблены менавіта 12 лістапада. Праз дванаццаць гадоў пасля трагічнай падзеі і перагляду справы 16 мая 1641 года быў абвешчаны дэкрэт аб беатыфікацыі Язафата. Аб заступніцтве да яго моляцца і зараз. Напрыканцы службы вернікі і святары прайшлі ў працэсіі з рэліквіямі вакол касцёла.

З гісторыі

Ранейшая скульптура Багародзіцы выраблялася з мармуру. На месцы яе непадалёк ад берага захаваўся невялікі каменны пастамент. Калі лета сухое, ён паказваецца з вады. Часам на ім адпачываюць качкі пасля купання. Па словах ксяндза Крыштафа, ранейшая фігура называлася Маці Божая Беззаганная. Сучасная бронзавая скульптура Марыі трымае Езуса, які бласлаўляе, яе называюць Маці Божая з Дзіцяткам Езусам. Былы ксёндз Пятрайціс планаваў размясціць яе на беразе возера. Пры перадачы парафіяльных спраў пробашчу Крыштафу, Уладас сказаў другую назву скульптуры — Ратавальніца тонучых. Аднак ратуе Маці Божая не толькі тых, хто рэальна можа тануць у вадзе, але і людзей, якія тонуць у грахах. Ад Маці Божай можна атрымаць духоўную дапамогу ў перамозе над злом.

Ідэя аднавіць гістарычную каштоўнасць на ранейшым месцы ўзнікла ў былога пробашча мёрскага касцёла ксяндза Уладаса Пятрайціса. Яшчэ ў 1997 годзе, дваццаць гадоў таму, ён звярнуўся за дапамогай да вернікаў. Яго падтрымалі, пачалі збіраць сродкі. Маленькія макеты Маці Божай ксёндз прывозіў са сталіцы. Людзі выбралі той, які зараз устаноўлены.

У 1999-ым годзе ў цэху Мінскага трактарнага завода скульптар Ігар Голубеў завяршыў работу над бронзавай скульптурай вышынёй у 4,3 метра. Восенню таго ж года яе часова ўстанавілі ля касцёла.

для друку для друку