Біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў у Зарачанцы абраз Езуса Міласэрнага

5 лютага біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Балі Касцёльнай). Іерарх узначаліў святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў і запрошаных гасцей.

Падчас Імшы біскуп асвяціў абраз Езуса Міласэрнага, які з’яўляецца дакладнай копіяй віленскага абраза, напісанага паводле ўказанняў святой Фаўстыны.

Гэты абраз быў перададзены парафіяльнай супольнасці ў дар і будзе змешчаны ў касцёле.

Як адзначыў падчас урачыстасці пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк, новы абраз будзе нагадваць пра ўжо мінулы Год міласэрнасці, які перажываў Паўсюдны Касцёл. Святар выразіў надзею, што абраз паспрыяе распаўсюджанню культу Божай Міласэрнасці ў гэтай парафіі і частаму звяртанню вернікаў да Езуса ў розных патрэбах душы і цела.

Таксама ў гэты дзень адзначалася 40-годдзе пробашча парафіі. З гэтай нагоды біскуп, прысутныя святары, парафіяне і госці выказалі кс. Віктару сардэчныя віншаванні. Вернікі жадалі свайму душпастыру Божай ласкі на далейшыя гады служэння ў парафіі і патрэбных сіл у прывядзенні іх да Бога, дзякавалі за вялікі клопат, якім пробашч атачае святыню, і за кожную праяву ўвагі да іншага чалавека.

Ксёндз Віктар Мыслюк у прысутнасці гродзенскага ардынарыя падзякаваў сваім парафіянам за іх вялікі клопат аб святыні і ўсіх справах парафіі. Пробашч адзначыў, што гэта вельмі ахвярныя вернікі, яны дапамаглі ў замене даху святыні і многіх іншых рамонтных працах.

Святар падзякаваў таксама сваім бацькам за дар жыцця, перададзеную веру і дом, у якім ён навучыўся школе жыцця. Ксёндз Віктар выказаў удзячнасць біскупу Аляксандру Кашкевічу, які заўсёды цікавіцца рэлігійным жыццём гэтай парафіі і падтрымлівае яе малітвай.

Урачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і малітвай да Маці Божай з просьбай мець у сваёй асаблівай апецы ўсю парафіяльную супольнасць з яе пробашчам.

grodnensis.by

для друку для друку